«Гуманітарны канвой» можа вывозіць нарабаванае і целы расейскіх афіцэраў (дапоўнена)


Расейскія КамАЗы са складу «гуманітарнага канвою» пачалі вяртацца ў Расею.

Пра гэта са спасылкай на карэспандэнтаў паведамляе Украінская служба Бі-Бі-Сі.

Афіцыйны прадстаўнік украінскай Рады бяспекі Андрій Лысенка заявіў на брыфінгу для журналістаў, што на цяжкавікі расейцы загружаюць абсталяванне з заводу “Тапаз”, які вырабляе сучасныя радыёлакацыйныя станцыі, ды абсталяванне аднаго з заводаў у Луганску, дзе вырабляюць патроны для стралковай зброі.Станам на 13 гадзіну ў суботу з тэрыторыі Украіны выехала 184 цяжкавікі, пры гэтым нашых прадстаўнікоў да агляду грузу не дапускаюць“, – заявіў ён.

Некаторыя украінскія медыі са спасылкаю жыхароў гарадоў, занятых тэрарыстамі, сцвярджаюць, што белыя цяжкавікі заязджаюць таксама да моргаў пры шпіталях, дзе нібыта маюць захоўвацца целы забітых расейскіх афіцэраў.

У суботу 23 жніўня пафарбаваныя ў белы колер цяжкавікі прыбылі да ўкраінскага пункту пропуску «Ізварына», што знаходзіцца пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў, а потым пераехалі на расейскі кантрольна-прапускны пункт «Данецк».

Паводле агенцтва «Інтерфакс-Південь», кіраўнік прэс-службы Паўднёвага мытнага ўпраўлення Расеі Раян Фарукшын заявіў, што першыя сем аўтамашынаў «гуманітарнага канвою» Расеі пасля праходжання расейскага мытнага кантролю вярнуліся з Украіны ў РФ.

Паводле яго, мяркуецца, што машыны «гуманітарнага канвою» будуць уваходзіць у пункт пропуску партыямі, а пасля правядзення мытнага дагляду працягнуць рух па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі.

Учора расейская калона «гуманітарнай дапамогі» без згоды ўладаў Украіны ўварвалася на тэрыторыю дзяржавы.

«Мы называем гэта прамым уварваннем пад цынічным прыкрыццём Чырвонага Крыжа. Гэта вайсковыя аўтамабілі, гэта вайскоўцы з дакументамі прыкрыцця. Там у ролі кіроўцаў знаходзяцца вайскоўцы, навучаныя на канвойныя функцыі, на кіраванне баявымі машынамі, танкамі і артылерыяй. Транспарт з гэтай калоны будзе ўжыты для перавозкі артылерыі, а значыць, супраць мірнага насельніцтва», – падкрэсліў кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.

ЕЗ і НАТО асудзілі гэта ўварванне і заклікалі РФ вывесці свае грузавікі з Украіны.

Паводле паведамлення ўкраінскіх уладаў, калі калона перасякала мяжу, украінскіх мытнікаў заблакавалі на расейскім пункце пропуску. Папярэдне ім удалося агледзець толькі 34 з 262 цяжкавікоў.

Расея заяўляла, што ў пятніцу ва Украіну накіраваліся 280 машынаў «гуманітарнага канвою». Чырвоны Крыж падкрэсліваў, што не ведае, які дакладна груз знаходзіцца ў КамАЗах.



МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў