Спартоўцы-вазочнікі з Беларусі і Расеі скакалі з парашутам (фота)


На аэрадроме ў Баравой адбыліся скачкі з парашутам спартоўцаў-інвалідаў – прадстаўнікоў зборных камандаў па спартовых танцах на вазках з Масквы (Расейская Федэрацыя) і Беларусі. Акцыя ўваходзіла ў праграму рэабілітацыі інвалідаў-вазочнікаў і праводзілася ў межах падрыхтоўкі спартоўцаў да этапу Кубку свету па танцах на вазках.

«Важна, каб чалавек валодаў сабою, спакойна паводзіў сябе, выконваў рэкамендацыі інструктара, які скача з ім у тандэме, – лічыць начальнік аэраклубу Мікалай Мачанскі. – Але калі мы скакалі два гады таму, то не назіралі розніцы ў паводзінах інвалідаў і здаровых людзей у паветры. Інваліды мацней імкнуцца да гэтага, пераадольваюць усе цяжкасці, таму што выдатна разумеюць, што іх скачок – гэта яшчэ адна прыступка да таго доказу, што яны раўнацэнныя з усімі».

Менавіта Мікалай Мачанскі пілатаваў верталёт, які падняў у неба парашутыстаў.

«Атрымала велізарнае задавальненне, – не ўтойвае эмоцыяў пасля прызямлення чэмпіёнка Еўропы па спартовых танцах на калясках Ганна Сірацюк з Камянецкага раёну. – Такі драйв і шчасце – адчуць сябе птушкай і бачыць усю прыгажосць з неба! Гэта зусім не тое, што бачыш праз ілюмінатар самалёта».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў