Зноў забіраюць свіней. Сяляне сустракаюць інспектараў з сякерамі і віламі


З віламі ды сякерамі. Гэтак, паводле дзяржаўных інспектараў Гомельскай вобласці, іх сустракаюць дзе-нідзе сяляне, ад якіх зноў патрабуюць вынішчаць пагалоўе падворкавых свіней. Ды і вяскоўцы не адмаўляюць, што прыём такіх гасцей, сапраўды, не вельмі цёплы.

{movie}Зноў сканфіскоўваюць свіней|right|18049{/movie}

Абурае вяскоўцаў, што візіты выкліканая нават не змаганнем з наступствамі афрыканскай чумы свіней. Што прызнаюць і інспектары.

ЮРЫЙ МАРЧАНКА, СВЕТЛАГОРСКАЯ РАЙВЕТСТАНЦЫЯ:
«Нічога тут не зафіксаванае. Тут проста размяшчаецца свінаферма і, згодна з гэтаю пастановаю Савету Міністраў, у радыусе пяці кіламетраў у прыватным сектары не павінна быць свіней».

Аднаўленне ж гэтай прафілактычнай актыўнасці ў Светлагорскім раёне распачалося прыблізна 2 тыдні таму. Якраз тады ўрад абвесціў пачатак кампаніі для аднаўлення свінога пагалоўя. Буйным свінакомплексам паабяцалі вылучыць на гэта каля дваццаці мільёнаў долараў. І тут жа пачалі зачыстку падворкаў.

ЮРЫЙ МАРЧАНКА, СВЕТЛАГОРСКАЯ РАЙВЕТСТАНЦЫЯ:
«Таму, што вакол Рэспублікі Беларусь вельмі неспрыяльная абстаноўка ў афрыканскай чуме свіней. І, каб абараніць нашыя буйныя свінафермы і свінакомплексы, прынятая вось гэтая пастанова».

Праўда, абарона ад АЧС адбываецца вельмі спецыфічна. Адзін з найбуйнейшых дастаўцаў мяса ў Беларусь на сённяшні дзень – Расея, дзе гэтая зараза віруе ўжо восьмы год, забіўшы з паўмільёна парсюкоў. З Еўразвязу ж Беларусь забараніла імпарт свініны яшчэ ў студзені, хоць на той момант адзінкавыя выпадкі захворвання дзікоў былі выяўленыя толькі ў трох краінах блоку – Літве, Латвіі ды Польшчы, прычым усе – на беларускім жа памежжы.

Прэс-рэліз Еўракамісіі:

«Штам вірусу, знойдзены ў некалькіх мёртвых дзікоў у Літве і Польшчы адпавядае штаму вірусу ў Расеі… на гэтым фоне ўзнікае мала сумневаў, што хвароба распаўсюдзілася з Расеі ў Беларусь і з Беларусі ў Еўразвяз».

Між тым, пад забарону чамусьці трапіла свініна з усіх краінаў ЕЗ, у тым ліку з Нямеччыны і Даніі, дзе дагэтуль не зафіксавана аніводнага выпадку АЧС, а ў нашу краіну адтуль паступала палова імпарту для ўнутранага спажывання. Менавіта гэта, перадусім, і выклікала здаражэнне мяса ў Беларусі больш, чым у паўтара разу. З гэтага, у першую чаргу, скарысталіся дзяржаўныя свінафермы, каб павялічыць кошты для насельніцтва.

МАРЫЯ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ХУТАР:
«Вядома ж, несправядліва! Гэта ж каб яны нам танна прадавалі мяса ці што. А дзе якія прадукты сеем і бульбу, і ўсё, дык трэба ўсё на сметнік вывозіць. Вось табе і комплекс. Яны сваё разжываюцца».

Замест таго, каб перакрыць доступ хваробы ў Беларусь з Расеі, улады вынішчаюць гэткія свіныя гаспадаркі. Прычым кампанію распачалі адразу пасля прэзідэнцкага ўказу, не ўлічыўшы, што час на гэта для мясцовых жыхароў, абраны ня самы ўдалы.

УЛАДЗІМІР, ЖЫХАР ВЁСКІ ХУТАР:
«Чаму не зрабіць указ – вось – з Новага года, з чатырнаццатага, напрыклад, і напісаць – не маеце права і гэтак далей. А то – жнівень прыйшоў, купілі парася ў красавіку – 10–15 кг і давялося забіць яго».

Дарэчы, забіваць недагадаваных парсюкоў вымушаныя і дзяржаўныя свінакомплексы. Праўда, іх да гэтага прымушае не ўрад. Не навіна, што прычына ляжыць у адсутнасці грошай на кармы, як наступства нізкіх адпускных коштаў свініны ў пачатку мінулага года.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
«Я маю прыклады, мне аграрнікі пра гэта паведамлялі, што на свінакомплексах здаюць пагалоўе, бо бяскорміца, нават вагою па 50 кг».

Дык чым жа выкліканае вынішчэнне прыватных свінагаспадарак? Сапраўды прафілактыкаю заразы, якую ўлады па-ранейшаму свабодна запускаюць з Расеі? Ці ўсё ж спробаю павялічыць прыбыткі свінакомплексаў, якія адвольна падымаюць кошты для беларусаў, дзякуючы адсутнасці прыватнай і еўрапейскай канкурэнцыі?

Станіслаў Івашкевіч, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары