«Рэмара», або краіна мары


Беларуская мова – адзіная дзяржаўная, а нацыянальная валюта – талеры. Тут ёсць і сапраўды выбарны парламент, і свае законы ды нават пашпарты. Каля паўтары сотні ўдзельнікаў, не пакідаючы Беларусі, цягам чатырох дзён спрабуюць збудаваць краіну сваёй мары ці, хутчэй, змадэляваць. А дапаможа ім у гэтым ролевая гульня «Рэмара».

{movie}«Рэмара», або краіна мары|right|18047{/movie}

ЯЎГЕН МІХАСЮК, АДЗІН СА СТВАРАЛЬНІКАЎ «РЭМАРЫ»:
«Ідэя прыйшла да нас з Украіны. Там называецца «Студэнцкая рэспубліка». Гэта ўжо доўга там ідзе, з 90-ых. А мы пачалі ў гэтым годзе. Будзе такая насычаная адукацыйныя частка, будуць лектары розныя, пра палітыку пагаворым, пра адукацыю».

Дзяржава ў дзяржаве з учорашняга дня размясцілася на хутары Шаблі, што пад Валожынам. Летнік ладзяць актывісты некалькіх моладзевых суполак – Студэнцкай Рады і Цэнтру развіцця студэнцкіх ініцыятываў. Таму і ставяць ухіл перадусім на моладзі ды студэнтах. Якія тут на некалькі дзён змогуць стаць кім заўгодна – ад міністра ці міліцыянта да працаўніка сталовай.

ЗМІЦЕР ГАМЯНЮК, ЦЭНТР РАЗВІЦЦЯ СТУДЭНЦКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ:
«Я думаю, што такія мерапрыемствы дапамагаюць моладзі раскрываць нейкія іншыя бакі развіцця свайго. Гэта такое своеасаблівае мерапрыемства, дзе кожны ўдзельнік зможа паспрабаваць сябе ў іншай ролі, чым ён знаходзіцца заўжды ў сваім жыцці».

Дадуць тут не толькі магчымасць зрэалізаваць сябе, але і навучаць як. Дзеля гэтага арганізатары запрасілі экспертаў – вядомых палітолагаў, бізнесоўцаў, эканамістаў і праваабаронцаў. Якія распавядуць, як прасунуць уласную бізнес-ідэю, пра ролю партыяў у грамадстве і, вядома ж, студэнцкае самакіраванне.

ЯЎГЕН МІХАСЮК, АДЗІН СА СТВАРАЛЬНІКАЎ «РЭМАРЫ»:
«Наконт самаадукацыі, універсітэцкіх нейкіх тэмаў, Балонскі працэс і гэтак далей. Будуць часткі пра білінгвізм. З лектараў – пра эканоміку будзе Сяргей Чалы выступаць, Дзмітрый Гамянюк – пра студэнцкія свабоды».

У «Рэмары» свая палітычная, эканамічная і сацыяльная сістэма, а кожны жыхар краіны абавязаны тут дбаць пра яе развіццё і планаванне будучыні – праз удзел у адмысловых міні-гульнях. Зрэшты, і гэтае гульнёвае жыццё максімальна набліжанае да сапраўднага – тут таксама трэба зарабляць грошы і нават сплочваць падаткі.

АНТОСЬ, УДЗЕЛЬНІК ФЕСТЫВАЛЮ:
«Для Беларусі гэта вельмі цікава. Мы глядзім на моладзь. Мы спрабуем мадэляваць дзяржаву. І гэта вельмі цікава, як людзі будуць стасавацца – у межах міні-зрэзу нашага грамадства».

Але, вядома ж, у апошнія дні лета хочацца не толькі думаць пра сваю краіну і пра кар’еру палітыка ці прадпрымальніка. Шматлікія лекцыі разнастаяць і канцэрты беларускіх гуртоў, паказы кіно ды спартовыя гульні.

Ганна Любакова, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў