Пайшоў з жыцця адзін з укладальнікаў Дэкларацыі Незалежнасці


Барыс Гюнтэр быў дэпутатам Вярхоўнага савету ХІІ і ХІІІ склікання, працаваў і галасаваў за прыняцце Дэкларацыі аб Незалежнасці. Быў сярод дэпутатаў, што ў 1995 годзе абвесцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму, у выніку якога бел-чырвона-белы сцяг замянілі на цяперашні чырвона-зялёны, а Лукашэнка атрымаў права распускаць парламент.

{movie}Чарговая страта|right|18048{/movie}

У Вярхоўным савеце Барыс Гюнтэр быў сакратаром камісіі, што займалася праблемамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У 1991 годзе ён уваходзіў у групу дэпутатаў БНФ, што на знак салідарнасці прыехалі ў Вільню, калі кіраўніцтва СССР з дапамогаю танкаў і жаўнераў спрабавала не дапусціць незалежнасці Літвы.

«Гэта прадстаўнік так званай рабочай інтэлігенцыі, людзей, якія вылучаліся з свайго асяроддзя добрымі ведамі, розумам, арганізацыйнай актыўнасцю, уменнем гаварыць, карысталіся павагаю, – піша пра Барыса Гюнтэра Зянон Пазняк у кнізе «Слова пра калег і сяброў». – Гюнтэр быў актыўным дэпутатам Апазіцыі, гаварыў на сесіях па справе і талкова, ведаў сацыяльную сферу і адносіны, прафсаюзнае заканадаўства і г. д. Гюнтэр быў чалавекам роўным і назіральным, меў разумны падыход да людзей. У гэтым я пераканаўся таксама ў час нападу войска на дэпутатаў парламенту ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г.».

МЛ, belsat.eu
Фота svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары