Больш за 25 тыс. украінцаў выехалі ў Беларусь. Ніхто не атрымаў статус уцекача


Без дому і сродкаў на жыццё. Жыхары ўсходняй Украіны, якія шукаюць паратунку ад куляў і бомбаў, у якасці бяспечнага прытулку нярэдка выбіраюць нашую краіну. Чарговая група ўкраінскіх уцекачоў прыбыла днямі ў Гомель.Як зарганізуюць неабходную дапамогу, пастанавілі даведацца журналісты “Аб’ектыву”, якія сустрэліся таксама з прадстаўнікамі Беларускае суполкі Чырвонага Крыжа.



АНЖЭЛІКА ЖУКАВА, БЕЛАРУСКАЯ СУПОЛКА ЧЫРВОНАГА КРЫЖА:

“Людзі адгукнуліся. Мы далі інфармацыю на сайце, што прымаем адзежу, абутак, канцылярскія тавары. І вось, у прынцыпе, прынеслі шмат усяго”.



Атрымаць дапамогу ўкраінскія ўцекачы могуць і ў Гомельскім гарадскім цэнтры сацыяльнай абслугі сям’і і дзяцей. Менавіта сюды тры дні таму прыйшла з траімі малымі дзецьмі былая жыхарка Сняжнога.

{movie}Лёс уцекача|right|18034{/movie}

АЛЕНА ДЗЕМЯНЕЦ, УЦЯКАЧКА З УКРАІНЫ:

“Тут добрыя ўмовы. Тут даюць паесці. Мы прыехалі сюды са сваймі рэчамі. Тут ёсць гарачая вада, каб памыцца. Тут на гэты момант няма вольных пакояў, але нас не выгналі на вуліцу і пасялілі ў дзіцячы пакой”.



І ўсё ж перад гэтымі людзьмі цяпер нямала праблемаў і ў Беларусі. Па-першае, трэба атрымаць неабходны дазвол на даўжэйшы побыт. Адна з такіх магчымасцяў – гэта прасіць прадугледжаны беларускім законам статус уцекача. Але значная частка ўкраінцаў цвердзіць…

МАРЫНА ДУБАЎСКАЯ, УЦЯКАЧКА З УКРАІНЫ:

“Мы пыталіся, нам сказалі, што гэта нерэальна. Від на жыхарства – калі ласка! Уладкоўвайцеся на працу, працягвайце кантракт год за годам”.



Ці рэальна атрымаць украінцу статус уцекача ў Беларусі, мы спрабавалі даведацца ў Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі. Паводле апошніх звестак МУСу, асобаў, якія звярнуліся з такім хадайніцтвам, – больш за дзве сотні.

ГЕОРГІЙ ЕЎЧАР, УПРАЎЛЕННЕ ІНФАРМАЦЫІ І ГРАМАДСКІХ СУВЯЗЯЎ МУС:

“Усе пададзеныя хадайніцтвы ў гэты момант – на разглядзе. Я не буду каментаваць, што кажуць людзі, што рэальна, а што не рэальна. Я гэтага каментаваць не буду!”.



А значыць, за ўвесь час збройнага канфлікту ніводны ўкраінец статус уцекача ў Беларусі пакуль не атрымаў. Тыя ж, што намагаюцца развязаць пытанне дазволу на часовае пражыванне ці віду на жыхарства, кажуць, што і гэта зрабіць – справа досыць нялёгкая. Адна з галоўных умоваў – гэта працаўладкаванне. Каб атрымаць працу, неабходна мець жытло.

АЛЕНА ДЗЕМЯНЕЦ, УЦЯКАЧКА З УКРАІНЫ:

“Знайсці кватэру, дзе людзі пагодзяцца цябе зарэгістраваць, амаль немагчыма. Людзі баяцца, што калі яны нас зарэгіструюць, то мы будзем мець пасля нейкія судовыя прэтэнзіі ці будзем хацець нешта адсудзіць”.



Як альтэрнатыву такім сітуацыям міграцыйныя службы Беларусі прапаноўваюць уцекачам выезд на працу ў вёскі. Аднак такая перспектыва прымальная далёка не для ўсіх украінскіх уцекачоў. А іх у нашай краіне паводле звестак МУСу ўжо больш за 25 тысячаў.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў