Пра што Расея хоча дамовіцца з Парашэнкам у Менску?


У бліжэйшы аўторак Менск стане цэнтрам перамоўнага працэсу на самым высокім узроўні. Чакаюць Уладзіміра Пуціна і дваіх астатніх кіраўнікоў краінаў Мытнага саюзу, прэзідэнта Украіны ды адразу трох еўракамісараў. Сустрэча мае быць працягам кантактавання, што пачалося пасля расейскай анексіі Крыму і працягваўся ў Жэневе, Нармандыі ды Берліне. Калі мінімальныя патрабаванні Кіева відавочныя – спыніць падтрыманне Масквою сепаратыстаў, то што спадзяецца выгуляць у Менску Расея?
{movie}Перамовы дзеля перамоваў|right|18007{/movie}
АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ЦЭНТР ЕЎРАПЕЙСКАЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ:
“Расея хоча фактычна пазбавіцца ад гэтай сітуацыі, якая існуе на Усходзе, але проста “зліць” гэтую сітуацыю яны не могуць, а хочуць атрымаць пэўныя саступкі ад Украіны”.

Пра тое, што Пуцін забыўся пра сепаратыстаў ува Украіне, неаднаразова скардзіліся і самі баевікі, кажучы пра недастатковае падтрыманне з боку Масквы. Апошнюю ж актывізацыю і новыя калоны бранятэхнікі, якія не хаваючыся ідуць з Расеі, адмыслоўцы называюць своеасаблівым узмацненнем пазіцыяў перад менскімі перамовамі. Праўда, не толькі расейскаму лідару не надта лёгка выйсці з існай сітуацыі. У Пятра Парашэнкі поле для манеўраў таксама абмежаванае.

ЮРЫЙ РАМАНЕНКА, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК, УКРАІНА:
“Партыя вайны” ўва Украіне сёння вельмі моцная, і я не бачу ніякіх падставаў, каб гэтая партыя аслабіла пазіцыі, калі Парашэнка дасягне нейкіх мірных дамоваў у Менску. То бок, калі гэтае пагадненне будзе выглядаць, як відавочная параза Украіны, то гэта ўспрымуць як паразу, і Парашэнку проста знясуць – ён знікне, як прэзідэнт”.

Такія настроі толькі ўзмацняюцца пасля апошніх поспехаў антытэрарыстычнай аперацыі. Паводле нядаўніх апытанняў, толькі траціна ўкраінцаў бачыць сэнс у размовах з сепаратыстамі. Тое ж мы пачулі і на вуліцах Кіева.

ЖЫХАРЫ КІЕВА:
“Як для мяне, то ў такіх умовах перамовы не патрэбныя, бо расейскі бок не трымаецца ніякіх абавязкаў”.
“Калі нават з Пуціным і дамовяцца пра штосьці, усё адно ён не адчэпіцца ад Украіны. Якія могуць быць перамовы з ідыётам і бандытам?”
“Ну, жывуць краіны, не размаўляючы адна з адной. Індыя і Пакістан доўга не мелі стасункаў. То і Украіна з Расеяй доўга могуць быць у стане ні вайны ні міру”.

Такім чынам, асноўныя бакі перамоваў трапляюць у патавую сітуацыю. Прычым мірнае ўрэгуляванне, прыйсці да якога спадзяюцца ў Менску, пасля столькіх ахвяраў сярод жаўнераў і мірных жыхароў, малаверагоднае. Бо што будзе, калі Кіеў цяпер прыпыніць антытэрарыстычную аперацыю?

ЮРЫЙ РАМАНЕНКА, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК, УКРАІНА:
“У любым выпадку гэтыя баевікі там застануцца, проста сыдуць на партызанскі ўзровень. Узімку эканоміка Данбасу будзе ў агоніі, і ўсе гэтыя сотні тысячаў чалавек будуць распаўзацца па ўсёй Украіне, падрываючы і без таго няпростую сацыяльна-эканамічную сітуацыю”.

Калі для Расеі ды Украіны значэнне менскіх размоваў абмяжуецца толькі іх наяўнасцю, Беларусь зможа выкарыстаць іх напоўніцу. Паводле адмыслоўцаў, на фоне ўкраінскага крызісу Менск мае свае далёкія мэты.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ЦЭНТР ЕЎРАПЕЙСКАЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ:
“Найвышэйшыя асобы з Еўрапейскага Звязу могуць прыехаць у Беларусь, не хвалюючыся пра тое, што яны кантактуюць з апошнім дыктатарам Еўропы. І гэта скарыстаюць для нефармальных перамоваў, каб працягнуць працэс паляпшэння стасункаў з Еўрапейскім Звязам”.

Але на хуткі поспех на гэтым полі, як і на кардынальныя зрухі ў анансаванай тэме менскіх размоваў, не спадзяецца, хіба, ніхто. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд ужо прапаноўвае чарговы саміт аб сітуацыі ўва Украіне. Гэтым разам з удзелам прадстаўнікоў Злучаных Штатаў. Прычым аргументуе гэта не патрэбаю прыпынення агню і кровапраліцця, а эканамічнымі стратамі Еўразвязу ад санкцыяў супраць Расеі.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў