Больш за ўсіх выдаткавалі на турызм кітайцы. А куды ездзяць еўрапейцы?


Больш за мільярд асобаў, згодна са звесткамі Сусветнай турыстычнай арганізацыі, распаўсюджанымі гэтымі днямі, прымералі на сабе летась мянушку «глабальны турыст», наведаўшы тую ці іншую замежную краіну. Самы папулярны кантынент – Еўропа. Яе гасцямі сталі летась каля 560 млн асобаў.

{movie}Найбольш выдаткавалі на турызм кітайцы. А куды падарожнічаюць еўрапейцы? |right|18005{/movie}

А самым наведвальным горадам у Еўропе ўсцяж застаецца Парыж. У Азіі ж золата на гэты раз упэўнена ўзяў Бангкок. Сярод іншых еўрапейскіх гарадоў імкліва расце папулярнасць усходне-еўрапейскіх сталіцаў, найперш – Прагі ды Будапешту. Адмыслоўцы лічаць, што на гэта ёсць, як мінімум, дзве прычыны.

«Усё больш людзей хочуць наведаць Усходнюю Еўропу, бо ў краінах-суседках яны шмат ужо бачылі, бывалі там. Цяпер жа ім свярбіць даследаваць краіны, якія далёка. З тым, каб спазнаць нешта новае. І там яны пакінуць менш грошай», – падкрэсліў Ян Анарт з турыстычнага агенцтва «Jeka» ў Бруселі.

Дарэчы, выдаткі «глабальных турыстаў» склалі летась ні многа, ні мала – $ 140 млрд, прычым кітайцы трацілі больш за ўсіх – каля $ 21 млрд. Адною з папулярных кропак для іх, а таксама для японцаў і для немцаў стала сталіца аб’яднанай Еўропы – Брусель.

Госці Бруселю падкрэсліваюць: «Культура шакаладу тут вельмі цікавая. Культура піва таксама. Архітэктура цудоўная».

Нярэдка апошнім часам можна сустрэць на Гран Пляс у Бруселі і групкі турыстаў з Украіны. Але часам яны прыязджаюць сюды не толькі з місіяй разявакі.

«Дзе размяшчаецца штаб-кватэры НАТО і Еўразвязу? Мы хацелі падыйсці туды і сказаць: калі ласка, дарагія, спыніце вайну ў нас ва Украіне. Скажыце расейцам: “Go home!”», – адзначыла турыстка з Украіны Ганна.

Самым папулярным сродкам транспарту, згодна з Сусветнаю турыстычнаю арганізацыяй, летась усцяж застаўся лятак. Але, каб прывабіць турыстаў, мець прыгожае лётнішча ў краіне недастаткова.

Трэба мець нейкую фішку, а лепш – адразу некалькі. Бельгія, напрыклад, гэта «гняздо» кіроўных органаў Еўразвязу і НАТО, краіна з багатаю культураю піва і шакаладу, радзіма шпіка Эркюля Пуаро і галівудскай зоркі Жана-Клёда Ван Дама, а таксама футбольных «Чырвоных д’яблаў». Самы вядомы каменны хлопчык тут сікае, а турыст масава бяжыць на яго паглядзець. А турыст – гэта інвестар.

Алесь Сіліч, Брусель, belsat.eu

Стужка навінаў