Некалькі соцень гадаванцаў прыватнага прытулку “Суперкот” у Менску больш не мусяць баяцца гіцля, холаду і холаду. Тут вылекуюць, накормяць і знойдуць новы шчаслівы дом. Аднак гэтая вельмі неабходная моладзевая добраахвотніцкая арганізацыя апынулася на мяжы знікнення. Прычына – нястача фінансавых сродкаў.
{movie}Уратаваныя ад смерці (19.08.2014) |right|17997{/movie}
ВІТАЛЬ АРХІПОВІЧ, СЯБРА КІРАВАННЯ «СУПЕРКОТ»:
“Не было чым плаціць арэнду за верасень. Гэта здарылася таму, што ўлетку да нас трапіла вялікая колькасць катоў у цяжкім стане. Іх даводзілася вазіць у клінікі, адбываць каштоўныя працэдуры”.
Жывёлінак прывозяць у прытулак у найцяжэйшым стане. Каты, якіх прымае ўстанова, – гэта ў абсалютнай большасці смертнікі, што раней трапілі за краты сталічнага прадпрыемства ачысткі гораду ад бадзяжных жывёлінаў. Там цягам некалькіх дзён іх чакала смерць. Іншая катэгорыя гадаванцаў – гэта ахвяры няшчасных выпадкаў і жывадзёраў.
Усе жыхары прытулку “Суперкот” – цэлы дзень пад сталым і добразычлівым вокам валанцёраў. Дарэчы, праца пункту дапамогі трымаецца выключна на людзях, якія бескарысна ахвяруюць яму свой час і грошы.
ВІКТОРЫЯ ШАПАВАЛ, ВАЛАНЦЁРКА «СУПЕРКОТ»:
“Кожнаму кату, акрамя ежы і дагляду, неабходная ўвага. Яны гэта цэняць, вельмі цэняць. Вельмі прыемна, калі ты прыходзіш, а на цябе з усіх бакоў сыплюцца шчаслівыя каты”.
Не менш шчаслівыя і апекуны жывёлінаў. Для іхных падапечных “Суперкот” – гэта нярэдка апошні шанец.
КАЦЯРЫНА ЧУЛЬБА, НАВЕДНІЦА ПРЫТУЛКУ:
“Яе вылечылі! Кармілі яе смачна, выгульвалі!”.
Але прыватны прытулак “Суперкот” не толькі дапамагае, а і сам просіць аб дапамозе. Усіх неабыякавых людзей арганізатары і валанцёры ініцыятывы заклікаюць фінансава дапамагчы. Грошы патрэбныя, каб набыць ежу для жывёлы ды адрамантаваць адно з неабходных памяшканняў. Сродкі можна пералічыць у любым банку Беларусі. Некаторыя аматары жывёлінаў ужо адгукнуліся на просьбу.
МАРЫНА СУРСКОВА, КАМПАНІЯ «ГЕЙМСТРЫМ»:
“Чым больш людзей захоча дапамагчы, тым лепшаю будзе сітуацыя, тым менш будзе бадзяжных жывёлінаў. Мне падаецца, у Еўропе гэтая справа выглядае лепш. Мне б хацелася, каб у маёй краіне больш гуманна ставіліся да жывёлы”.
Пакуль жа сітуацыя з бадзяжнымі жывёлінамі ў Беларусі горшая за крытычную. Праблемамі гэтых нешчасліўцаў займаюцца выключна грамадскія аб’яднанні, якіх у Беларусі налічваецца прыблізна два дзясяткі. Дзяржаўныя прытулкі дапамогі жывёле амаль не існуюць. Падобна, як і адсутнічаюць праграмы гуманнай рэгуляцыі колькасці братоў меншых і супрацы з іх гаспадарамі. Самым простым і эфектыўным развязаннем праблемы лічыцца па-ранейшаму забойства.
Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu