За маргінэсам грамадства


Самае неабходнае для жыцця – ежа і адзенне. Сябры Беларускага Хельсінкскага камітэту наведалі вёску Прыбар на Гомельшчыне, каб перадаць прадукты і вопратку найбяднейшым прадстаўнікам цыганскае меншасці. Раней з гэтаю мэтаю камітэт збіраў рэчы для цыганоў. Большасць з іх жыве ў Прыбары за рысаю беднасці.

Любоў Макарава, Жыхарка вёскі Прыбар:
“Мы ў Прыбары бедныя цыгане. Тут толькі тры сям’і добра жывуць, рэшта пакутуе. Часам няма нават кавалка хлеба”.

{movie}За маргінэсам грамадства|right|17976{/movie}

У Прыбары жывуць больш за дзве сотні цыганоў. Толькі невялікай частцы ўдалося наладзіць гаспадарку. Іншыя скардзяцца на немагчымасць знайсці сталую працу, а значыць, і крыніцу ўтрымання для сябе і сваіх дзяцей.

Любоў Макарава, Жыхарка вёскі Прыбар:
“Часова была праца, цяпер збіраем метал. Тут у нас прымаюць. А калі няма металу, іду прасіць на кавалак хлеба, каб накарміць сваю дачку”.

А з гэтым бывае па-рознаму. Да такіх практык пераважная большасць беларусаў ставіцца вельмі адмоўна. Нярэдка на ўсіх цыганоў таксама вешаюць цэтлік злодзеяў і гандляроў наркотыкамі. Аднак мала хто ведае сапраўдныя іхныя праблемы. І амаль ніхто на дзяржаўным узроўні не спяшаецца іх развязваць.

Алесь Яўсеенка, Беларускі Хельсінкскі Камітэт:
“За савецкім часам цыганы былі больш пад кантролем дзяржавы. Не толькі ў крымінальным плане. Была сацыяльная дапамога, бацькоўскія камітэты дапамагалі, у школу яны абавязкова хадзілі, у войску служылі”.

У сучаснай жа Беларусі цыганам, якія жадаюць пакінуць вандроўнае жыццё, даводзіцца надзвычай цяжка. Адсутнасць адукацыі, прафесіі, а нават дакументаў пазбаўляюць іх магчымасці працаўладкавацца і атрымаць законнае жытло. Усё гэта нярэдка вядзе да канфлікту з законам і грамадствам. Як прызнаюць праваабаронцы, самым цыганам не даць рады са сваймі праблемамі. Неабходная тут дапаможная рука дзяржавы. Паводле розных падлікаў цыганская меншасць у Беларусі можа налічваць нават 60 тыс. асобаў.

Віктар Адзіночанка, Беларускі Хельсінкскі Камітэт:
“Нейкія захады трэба зрабіць. Перш за ўсё, каб яны вучыліся ў школе. Праводзіць прапаганду, каб не было ранніх шлюбаў. Дзяўчаты 14–15 гадоў выходзяць замуж. Адпаведна, яны не вучацца, не атрымоўваць адукацыі”.

А такое было б магчыма выключна на ўзроўні дзяржаўных праграмаў у пытаннях сацыялізацыі. Да прыкладу, у Еўразвязе створаны адмысловы Цыганскі адукацыйны фонд. У Беларусі такімі праблемамі займаюцца пераважна грамадскія арганізацыі. Для дзяржавы ж цыганская меншасць існуе бадай што ў праграмах фальклорных фэстаў ці ў… крымінальных зводках.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары