Беларусь - зямля біблейскіх цудаў


Максім Чыгунка: закладаюся на кілаграм польскіх яблыкаў, што ў бліжэйшай будучыні ў Беларусі здарыцца цуд. Прадуктаў у сінявокай будзе больш чым Эдэме. Як і Ісус калісьці ля Галілейскага мора, Лукашэнка асабіста павялічыць надоі і ўраджаі. А эфектыўнасць нерэнтабельных калхозаў узрасце і на гэта не будзе патрачана ніводнай капейкі.

«Зроблена ў Беларусі»

«Наш унутраны рынак – гэта наша ўнутраная справа», – заявіў Аляксандр Рыгоравіч пасля размовы з Уладзімірам Уладзіміравічам пра расейскае эмбарга на прадукты краінаў, што ўвялі санкцыі супраць Расеі. Беларусь з’яўляецца часткай Мытнага саюзу і паміж ёй і Расеяй няма мытнай мяжы. І калі Крэмль сапраўды хоча заблакаваць імпарт заходніх прадуктаў харчавання, то варта было б навучыцца адрозніваць польскія яблыкі, моркву, буракі, малако, сыр і г. д. ад прадуктаў беларускай вытворчасці.

Амаль ніхто не сумняецца, што Беларусь не паддасца спакусе і не пачне цішком прадаваць варожую заходнюю ежу галодным расейцам. Машына для маркіроўкі еўрапейскіх прадуктаў вось-вось запрацуе і паліцы расейскіх крамаў будуць заваленыя польскай, літоўскай, чэшскай ежай з налепкай «Зроблена ў Беларусі».

Неўзабаве патаўсцеюць гаманцы не толькі беларускіх пастаўшчыкоў, але «фонды Прэзідэнта Беларусі». Запрацуюць усе магчымыя і немагчымыя шэрыя схемы. Зрэшты Масква заявіла, што запасаў ежы ім хопіць на два тыдні, а статак з бразільскімі яблыкамі будзе плыць да найбліжэйшага расейскага порту некалькі тыдняў. Тым часам, восень на носе і Крамлю варта падумаць пра вітаміны для электарату, які наўрад будзе разбірацца, дзе вырас бурак і, хто наляпіў на яго стыкер «Зроблена ў Беларусі».

Растваральнікі з неба

Цуды ў Беларусі нярэдкасць. Быў момант, калі мы былі найбуйнейшым у свеце вытворцам растваральнікаў. Мільёны тонаў расейскай нафты пад выглядам растваральнікаў цяклі на Захад. І перасякаючы мяжу Беларусі цудоўным чынам ператвараліся ў бензін. Расея нават і не спадзявалася, што варта ўводзіць пошліны на такі непапулярны тавар як растваральнікі, а ў выніку недаатрымала ў бюджэт каласальныя сумы. Такой крэатыўнасці ад беларускіх пастаўшчыкоў нафтапрадуктаў Крэмль не чакаў.

Доўгае, зялёнае і пахне каўбасой

Калі Расея будзе ў стане праверыць кожны яблык на беларуска-расейскай мяжы, то ўсходняя Беларусь павінна рыхтавацца да турыстычнага буму. І галоўнай мэтай гэтых турыстаў будуць беларускія супермаркеты. Так, як гэта адбываецца ва ўсходняй Польшчы і Літве. У часы Савецкага Саюзу быў такі анекдот – Што гэта: доўгае, зялёнае і пахне каўбасой? – Прыгарадны цягнік з Масквы ў Цвер. Тады Масква была адным з нешматлікіх месцаў у Савецкім Саюзе, дзе можна было набыць мяса. Цяпер той самы жарт будуць казаць пра электрычку Віцебск-Смаленск.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў