Мясніковіч выправіцца ў Нью-Ёрк шукаць інвестараў


Першы беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум пройдзе 22 верасня ў Нью-Ёрку. Чакаецца, што беларускую дэлегацыю на форуме ўзначаліць прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Але праз санкцыі пра паўнавартасную супрацу казаць не даводзіцца.

Запрашэнні на форум накіравалі больш як 500 патэнцыяльным удзельнікам. Беларускі бок чакае, што ў імпрэзе возьмуць удзел сусветныя кампаніі, міжнародныя фінансавыя інстытуты, прадстаўнікі ўрадавых агенцтваў ЗША.

Ім будзе прадстаўлена «поўная і дакладная інфармацыя пра інвестыцыйны патэнцыял Беларусі, у тым ліку пра магчымасці, якія адкрываюцца ў сувязі з фармаваннем агульнага рынку Адзінай эканамічнай прасторы», паведамляе Нацыянальнае агенцтва інвестыцыяў і прыватызацыі. Удзельнікам форуму таксама будуць прапанаваныя буйнейшыя інвестыцыйныя праекты Беларусі.

У склад беларускай дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі міністэрстваў эканомікі і фінансаў, Нацбанка, Банка развіцця, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Парку высокіх тэхналогій, кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Як паведамлялася раней, аналагічны беларускі інвестыцыйны форум пройдзе 14 лістапада ў Лондане.

Санкцыі перашкаджаюць інвестыцыям

Аднак шмат якія буйныя прадпрыемствы Беларусі не змогуць разлічваць на супольны бізнес і амерыканскія інвестыцыі праз санкцыі, уведзеныя ЗША.

Апошні раз Вашынгтон уводзіў абмежаванні па супрацы з беларускімі прадпрыемствамі ў 2011 годзе ў сувязі з разгонам акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія закранулі дзяржпрадпрыемствы, што ўваходзяць у канцэрн «Белнафтахім» («Горадня Азот», «Белшына», «Нафтан», «Горадня Хімвалакно»). Амерыканцам забаронена падтрымліваць з гэтымі прадпрыемствамі дзелавыя адносіны.

З 2007 года таксама дзейнічаюць санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім», якія ЗША ўвялі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне ўсіх банкаўскіх рахункаў канцэрна і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі «Belneftekhim USA», што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары