Ці супрацьдзее КДБ вербавальнікам у «народнае апалчэнне»?


У сацыяльных сетках з’явіўся зварот ад імя КДБ, у якім менчукоў папярэджваюць пра спробы вярбавання ў шэрагі «народнага апалчэння» на Данбасе. «Баявыя дзеянні на тэрыторыі суседняй дзяржавы не падтрымліваюць Прэзідэнт і Урад Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў звароце.

Паводле аўтараў звароту, апошнім часам спробы вярбавання беларусаў у шэрагі тэрарыстаў на Данбасе пачасціліся, а вярбуюць «невядомыя асобы». «Дадзеныя асобы пры гэтым могуць апеляваць да вашых патрыятычных пачуццяў, а таксама абяцаць значную грашовую ўзнагароду», – гаворыцца ў звароце. Аўтары таксама нагадваюць пра крымінальную адказнасць паводле артыкулу «найміцтва» – ад 3 да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

На афіцыйным сайце КДБ такога звароту няма.

На Данбасе беларусы ваююць па абодва бакі. У ліпені «Белсат» распавядаў пра наймітку з Барысава – Наталлю Красоўскую, што хвалілася сваёй снайперскай вінтоўкай ды скардзілася на КДБ, якое нібыта пагражала ёй 10 гадамі зняволення.

У ліпені ж з’явілася інфармацыя і пра атрад «Пагоня», што складаецца з беларусаў ды выступае на баку ўкраінскіх уладаў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў