{movie}Замест дрэваў – бетон|right|17957{/movie}
ЖЫХАРЫ ВУЛІЦЫ ПЛАТОНАВА:
«Я праз 2 дні не пазнала двара. Людзі саджалі гадамі, а высеклі цягам двух дзён»
«Высеклі ўсё. Ні з дзіцёнкам выйсці, ні сабаку выгуляць».
Пра тое, што тут будуецца паркоўка на тры дзясяткі аўтаў, мясцовыя жыхары даведаліся выпадкова. Людзі спрабавалі перашкодзіць высяканню. У выніку на будову прыехала міліцыя, а супраць пратэстоўцаў прыгразілі скарыстаць сілу. Як патлумачылі ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва адміністрацыі Савецкага раёну сталіцы, зямля належыць гораду, а таму пытацца згоды ў жыхароў ніхто не абавязаны.
ЖЫХАРЫ ВУЛІЦЫ ПЛАТОНАВА:
«Уявіце сабе, я жыву на другім паверсе. Пад маім акном будуць хлопаць дзвярыма, будзе спрацоўваць сігналізацыя. Як людзі будуць жыць?»
«Тут увесь час будуць ставіць машыны. Будзе загазаванасць. Вокны ўвесь час адчыненыя, а дома дзеці».
Падобная сітуацыя склалася і на праспекце Машэрава. Тут высеклі дзясяткі дрэваў для будаўніцтва гандлёва-офіснага аб’екту.
Пратэсты і скаргі мясцовых жыхароў таксама не дапамаглі.
СВЯТЛАНА, ЖЫХАРКА ПРАСПЕКТУ МАШЭРАВА:
«Як толькі мы даведаліся, мы напісалі ў Гарвыканкам тры лісты. Толькі на чацвёрты нам адказалі, што тут будуць будаваць. А да гэтага яны ўсё паціху праварочвалі. На словах да нас добра ставяцца, а на справе – вось яна справа!».
У Гарвыканкаме паведамі: змяняць праект няма падставаў, што ж да высечаных дрэваў – мясцовыя чыноўнікі супакойваюць і абяцаюць пасадзіць новыя. Вось толькі дакладна не вядома калі і дзе.
ВІКТАР ЯНЧУРЭВІЧ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Добра, што ёсць кампенсацыйныя пасадкі, але яны, на жаль, могуць быць выкананыя ў любым раёне гораду. Не абавязкова ў тым самым месцы, а нават побач з тым месцам, дзе адбылося высяканне».
Высяканне ж зялёных масіваў на карысць ушчыльнення ў Менску даўно стала тэндэнцыяй. Пры гэтым людзі не заўсёды маюць магчымасць даведацца аб грамадскіх слуханнях аб планаваных працах. Як абараніць свой зялёны двор?
ВІКТАР ЯНЧУРЭВІЧ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Выходзіць дваром, суседзяў клікаць, станавіцца жывым шчытом і не даваць пілаваць, а ўжо пасля разбірацца, якія былі дазволы, хто ўзгадніў гэтыя працы».
Іншымі словамі, загадзя, пакуль у рух не пойдуць пілы. Паводле актывістаў, такі метад спрацаваў пры абароне зялёнага ўзбярэжжа ракі Свіслач, а таксама ў Курасоўшчыне, дзе дзякуючы масавай акцыі пратэсту і збору подпісаў людзі перашкодзілі знішчэнню зялёнай тэрыторыі.
Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»