Бой, канвой і перамовы


Раз’яднанне Данецку і Горлаўкі – сёння асноўнае на парадку дня ўкраінскіх вайскоўцаў. Паводле іх, не мінае ані дня без абстрэлаў з боку тэрарыстаў, у тым ліку – з боку Расеі.

{movie}Бой, канвой і перамовы|right|17956{/movie}

Насуперак гэтаму ўкраінскае войска ачысціла ад баевікоў сяла Жданаўка на Данеччыне. Паводле Службы нацыянальнай бяспекі, баевікі плануюць пакінуць Данецк да панядзелка.

АНДРЭЙ ЛЫСЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ УКРАІНЫ:
«Прадстаўнікі тэрарыстычнага групавання «ДНР» на чыстых бланках пашпартоў грамадзянаў Украіны вырабляюць фіктыўныя дакументы для таго, каб бесперашкодна пакінуць зону АТА пад выглядам бежанцаў».

Лідары сепаратыстаў, аднак, паразы – прынамсі публічна – не прызнаюць. Прэм’ер гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі» заявіў пра вялікае падмацаванне з Расеі. Паводле Аляксандра Захарчанкі, падмога на збунтаваны ўсход прыбыла ў самы адпаведны момант.

АЛЯКСАНДР ЗАХАРЧАНКА, АДЗІН З ЛІДАРАЎ СЕПАРАТЫСТАЎ:
«150 адзінак баявой тэхнікі – з іх каля 30 танкаў, 1 тыс. 200 асобаў асабовага складу, якія праходзілі рыхтаванне цягам 4 месяцаў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі».

Гэтая інфармацыя з’явілася адначасова са звесткамі з Кіева пра частковае знішчэнне ўкраінскай артылерыяй калоны расейскай бранятэхнікі, якая выехала на тэрыторыю Украіны ў ноч з чацвярга на пятніцу.

Насуперак усім гэтым фактам, Масква пярэчыць таму, што яе сілы перайшлі ўкраінскія межы, і запэўнівае ў адсутнасці вайскоўцаў у гуманітарным канвоі.

Груз, аднак, усцяж застаецца на расейскае тэрыторыі непадалёк пункту пропуску «Ізварына», які перабывае пад кантролем сепаратыстаў. Украіна пакуль адмаўляецца прызнаць яго гуманітарнаю місіяй.

АНДРЭЙ ЛЫСЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ УКРАІНЫ:
«Украінскія памежнікі ды мытнікі, якія маюць заняцца афармленнем гэтага гуманітарнага грузу паводле стану на 12-ую гадзіну сённяшняга дня не атрымалі ніякіх дакументаў пра склад гэтае гуманітарнай дапамогі ад прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа».

Чырвоны Крыж, у сваю чаргу, таксама не валодае інфармацыяй пра тое, што ўтрымліваецца ў расейскіх грузавіках.

ГАЛІНА БАЛЬЗАМАВА, ПРАДСТАЎНІЦА ЧЫРВОНАГА КРЫЖА:
«У медыях ужо прайшлі заявы пра тое, што былі правяранні гэтых грузавікоў. Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ў гэтай групе, якая аглядала гэтыя грузавікі, не браў удзелу».

Тым часам ва ўкраінска-расейскім канфлікце з’явіўся новы перамоўнік. Кіеў з візітам наведаў прэзідэнт Фінляндыі. Саўлі Нійністэ і Пётр Парашэнка правялі сустрэчу, дзе абмеркавалі ў тым ліку сітуацыю на Данбасе. Ва Украіну Нійністэ скіраваўся адразу пасля пятнічнай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы.

САЎЛІ НІЙНІСТЭ, ПРЭЗІДЭНТ ФІНЛЯНДЫІ:
«Найбольш важнаю праблемаю застаецца прынясенне міру ва Украіну. Мы пакутуем вельмі моцна. Так, мы маем падабенства, мы маем аднаго і таго ж суседа. Я толькі хачу запэўніць вас і вашых людзей , што маленькая Фінляндыя зробіць усё, каб дапамагчы ў гэтай сітуацыі».

Развязання сітуацыі на ўсходзе будуць шукаць і заўтра ў Берліне. Там мае адбыцца сустрэча кіраўнікоў МЗС Украіны, Расеі ды Нямеччыны. «Квадратны гэта будзе стол ці круглы, але трэба размаўляць», – напісаў у сваім «Тўітэры» кіраўнік украінскага МЗС Паўло Клімкін.

Вольга Жарнасек, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў