Парашэнка: артылерыя знішчыла частку тэхнікі ў калоне, якая ўехала з Расеі


Па словах прэзідэнта Украіны, уначы байцы АТА нанеслі кропкавыя ўдары па ваеннай калоне, якая з Расеі прарывалася на ўкраінскую тэрыторыю.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што праз адкрытую частку мяжы ва Украіну працягвае паступаць цяжкая ваенная тэхніка і ўзбраенне з Расеі. Пра гэта кіраўнік украінскай дзяржавы сказаў у тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам. Пра гэта паведамляюць украінскае тэлебачанне «Hromadske TV» і ўкраінскае інтэрнэт-выданне «Ліга. Новости».

Паводле прэс-службы прэзідэнта Украіны, суразмоўцы скаардынавалі дзеянні па рэагаванні на інфармацыю аб заходзе на тэрыторыю Украіны з Расіі ваеннай тэхнікі, што выразна зафіксавалі замежныя журналісты, у прыватнасці, газеты Guardian. «Прэзідэнт паведаміў, што гэтая інфармацыя дакладная і пацверджана, паколькі значная частка гэтай тэхнікі была знішчана ноччу ўкраінскай артылерыяй», — гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу, спікер інфармацыйнага цэнтра Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА) Андрэй Лысенка пацвердзіў, што частка калоны знішчана і што ўкраінскія вайскоўцы ўжываюць тактыку зацягвання расейскай тэхнікі ўглыб сваёй тэрыторыі для знішчэння. «Мы не можам іх знішчаць проста на мяжы, таму што там актыўна працуюць сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны з боку тэрарыстаў і расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца за мяжою і назіраюць за нашаю паветранай прасторай. Таму заўсёды выкарыстоўваецца тактыка ўцягвання калоны ўглыб нашай тэрыторыі і там яе ўжо знішчаюць», — сказаў Лысенка.

Раней «Белсат» паведамляў, што вайсковая тэхніка заехала праз КПП «Ізварына», які кантралююць прарасейскія тэрарысты.

Інфармацыю пра гэта яшчэ ўчора апублікаваў у сваім «Twitterы» журналіст «Guardian» Шон Вокер.

Пазней з’явілася інфармацыя пра калонну з 50 БТРаў, якая ўехала на тэрыторыю Украіны праз падкантрольны тэрарыстам КПП «Ізварына». Сёння ж гэтую інфармацыю пацвердзіла ўкраінская выведка.

14 жніўня калона расейскіх КАМАЗаў з гуманітарнай дапамогай планавала праехаць на тэрыторыю Украіны праз КПП «Ізварына» і такім чынам трапіць ў заблакаваны ўкраінскімі сілавікамі Луганск (горад ужо другі тыдзень адрэзаны ад святла). Кіеў не даў згоды на праезд калоны і прапанаваў перагрузіць «гуманітарную дапамогу» на фуры, якія ўзяў у арэнду Міжнародны Чырвоны Крыж. Калона знаходзіцца калона цяпер знаходзіцца ў 35 км. ад мяжы з Украінай (Горад Данецк, Растоўская вобласць). Большасць фураў, з гуманітарнай дапамогай паўпустыя, – пішуць замежныя журналісты, якія знаходзяцца ў расейскім мястэчку Данецк.

Чытай таксама: «Гуманітарная дапамога» РФ наблізілася да падкантрольнага тэрарыстам КПП

АК, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў