Еўропа ратуе свае агуркі ад эмбарга


Ці пададуць пазоў на Расею ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА)? Пазоў, які выкліканы тою шкодаю, якую нанесла еўрапейскім сельскагаспадарчым вытворцам эмбарга Расеі на прадукты харчавання з Еўропы ды якое не адпавядае правілам СГА. Такая інтрыга існавала перад пачаткам паседжання сельскагаспадарчых экспертаў краінаў-чальцоў Еўразвязу, якое прайшло сёння ў Брусэлі.

{movie}Еўропа ратуе свае агуркі ад эмбарга |right|17920{/movie}

Але рашэння на гэты конт гэтак і не агучылі. Еўрапейскія эксперты, як гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўракамісіі, абмеркавалі і агучылі памеры гэтай шкоды. Найбольш цярпяць, натуральна, краіны-суседзі Расеі. Страты Латвіі ацэньваюцца ў 55 млн еўраў. Моцна пацярпІць Фінляндыя, бо больш за чвэрць яе харчовага экспарту ідзе ў Расею, а гэта больш за 400 млн еўраў. Але найбуйнейшаю ахвяраю назвалі Літву, якая можа згубіць да мільярда еўраў. Для шмат якіх літоўскіх сялянаў гэта азначае банкруцтва.

РОДЖЭР ЎЭЙТ, ПРЭС-САКРАТАР ЕЎРАКАМІСІІ Ў СПРАВЕ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ:

“Так, Літва і Польшча сярод краінаў-чальцоў Еўразвязу былІ самымі буйнЫмі экспарцёрамі, але катастрофы ня будзе. Калі задумацца: што цяпер адбываецца? Проста знікае адзін з рынкаў! Трэба прааналізаваць сітуацыю і падумаць пра тое, дзе могуць быць альтэрнатыўныя рынкі”.

Дарэчы, міністр сельскай гаспадаркі Польшчы МАрэк Савіцкі ўжо паведаміў раней, што Варшава падрыхтавала афіцыйную скаргу ў СГА ў сувязі з эмбарга. Ці далучацца да гэтага рашэння іншыя краіны-чальцы Еўразвязу, пакуль невядома. Афіцыйны Брусэль пакуль заняты ратаваннем сваёй гародніны. Пасля персікаў і нектарынаў чарга дайшла да агуркоў і таматаў.

РОДЖЭР ЎЭЙТ, ПРЭС-САКРАТАР ЕЎРАКАМІСІІ Ў СПРАВЕ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ:

“Мы вызначыліся з тым, што рабіць найбліжэйшымі тыднямі. Бо самы моцны галаўны боль для нас цяпер – гэта гародніна, якая хутка псуецца. Напрыклад, агуркі і таматы. Нам трэба зрабіць новыя зАхады, з тым, каб падтрымаць гэтыя сектары ды скампенсаваць фермерам страту расейскага рынку”.

Цярпяць ад санкцыяў, ініцыяваных Уладзімірам Пуціным, аказваецца, і самЫя расяяне. Паводле звестак ААН, як адзначылі сёння ў Брусэлі, “амаль 40 адсоткаў усіх імпартавых харчовых тавараў прыходзяць на рынак Расеі з Еўрапейскага Звязу”.

І ўсё ж ёсць краіны, якія ад расейскага эмбарга могуць толькі выйграць. Улады Бразіліі, напрыклад, дазволілі 90 сваім мясакамбінатам пачаць экспарт кураціны, ялавічыны ды свініны ў Расею, а ў Чылі збіраюцца актыўна пастаўляць у Расею рыбу. Закон захавання энэргіі, відаць, дзее ня толькі ў фізіцы, але і ў харчовай справе. Калі хтосьці садзіцца на галодны паёк, камусьці абавязкова дастанецца лусцень з маслам.

Алесь Сіліч, Брусэль, belsat.eu

Стужка навінаў