Дырэктарку бройлернай птушкафабрыкі пазбавілі недатыкальнасці


Сёння на пазачарговай сесіі Савету Рэспублікі сенатар і па сумяшчальніцтву дырэктар віцебскай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка была пазбаўлена гарантаванай законам недатыкальнасці.

«У сувязі з тым, што гэтая службовая асоба з’яўляецца членам Савета Рэспублікі і карыстаецца дэпутацкай недатыкальнасцю, матэрыялы, якія даказваюць яе датычнасць да здзяйснення супрацьпраўнага дзеяння, былі прадстаўлены ў вызначаным парадку на пазачарговую сесію верхняй палаты парламенту», – прыводзіць словы прадстаўніка Следчага камітэту Сяргея Кабаковіча «Наша Ніва».

Дырэктарку бройлернай птушкафабрыкі вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Гэта ўжо другі за некалькі месяцаў сенатар, які трапіў пад карупцыйныя чысткі.

Зазначым, што раней у беларускіх СМІ паведамлялася, што член савета рэспублікі і магілёўскі бізнесмен Віталь Кастагораў нібыта быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў непасрэдна на пасяджэнні верхняй палаты Палаты Прадстаўнікоў і пазбаўлены недатыкальнасці.

Пазбавіць недатыкальнасці члена Савета Рэспублікі паводле беларускага заканадаўства толькі са згоды астатніх сенатараў, за выключэннем выпадкаў здзяйснення здрады дзяржаве або іншага асабліва цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў