Лукашэнка: Пуцін, Парашэнка і Назарбаеў не супраць сустрэцца ў Менску


Прэзідэнт Беларусі запрашае да сябе кіраўнікоў Расеі, Украіны, Казахстану, еўрапейцаў, амерыканцаў і нават афрыканцаў, каб абмеркаваць расейска-ўкраінскі канфлікт.

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА падчас наведвання Бярозаўскай ГРЭС.

«Ёсць такая ідэя, паколькі ўзнікае маса пытанняў, — адзначыў беларускі лідар. — Па-першае, у сувязі з падпісаннем Украінаю Дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам. — Мы вельмі насцярожаныя гэтым і баімся, каб тавары з Еўразвязу па нулявым мыце праз Украіну не пайшлі ў Беларусь, Расею і Казахстан і не задушылі нашыя эканомікі. Гэта натуральна, гэта асцярогі любой дзяржавы. Таму мы за гэта вельмі перажываем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Па-другое, у сувязі з увядзеннем Расеяй эмбарга на пастаўкі некаторых тавараў у Расейскую Федэрацыю стварылася іншая сітуацыя, і нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэтую, другую праблему», — падкрэсліў ён.

«Я сказаў сваім калегам: давайце прапануем Пятру Парашэнку, няхай падключаецца да абмеркавання гэтых праблемаў ды іншых, якія ёсць ва Украіне, калі ён гэтага жадае, абмяркуем гэтыя пытанні, іх усё роўна не абысці. Для Украіны яны вельмі важныя, таму што Расея паволі закрывае пастаўкі з Украіны некаторых тавараў. Вось нядаўна прагучала пытанне ўжо пра алкаголь, яшчэ раней — малачка, мясная прадукцыя», — сказаў Лукашэнка.

Ён распавёў, што напярэдадні двойчы размаўляў і з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым, якія не супраць сустрэчы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пазаўчора позна ўвечары ён абмяркоўваў гэтую праблему і з Пятром Парашэнкам.

«Усе не адпрэчваюць, усе гатовыя прыехаць у Менск. Выказаліся нават за тое, каб нейкі іншы бок, дапусцім, Еўрапейскі звяз, ЗША, калі яны зацікаўленыя ў нармалізацыі сітуацыі — эканамічнай, ваеннай і палітычнай, — давайце сядзем у Менску і паразмаўляем. Мы нікога не адкідаем. Гэта агульная пазіцыя трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага звязу», – сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. «Чакаем. Ці захоча Украіна абмяркоўваць гэтыя пытанні – калі ласка, будзем іх абмяркоўваць у прысутнасці каго заўгодна», – дадаў ён.

«Яшчэ раз падкрэсліваю: мы гатовыя, каб сюды прыехалі і прымалі ўдзел у абмеркаванні гэтых праблем і еўрапейцы, і амерыканцы, і афрыканцы — хто заўгодна, толькі б быў нейкі зрух», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што ёсць адзінства трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага звязу, цяпер рашэнне за Украінаю. «Прыме яна рашэнне абмяркоўваць гэтыя праблемы — сустрэнемся, абмяркуем, не прыме — гэта яе права», — сказаў беларускі лідар.

АК, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў