Паралакс: Паласаты рэйс


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.



Летась індыйская паліцыя выкарыстала гэты здымак для прапаганды пераходу вуліцы ў дазволеных месцах: яна пыталася жыхара Калькуты, чаму Бітлз могуць, а ты не?

У 1969 годзе бітлы былі настолькі папулярныя, што маглі дазволіць сабе не пісаць на капэрце новай пласцінкі ні назву калектыва, ні назву альбома – мастак Джон Кош пераканаў прадусараў пакінуць на вокладцы Abbie Road толькі фатаграфію. Ідэя з зебрай належыла Полу Макартні, строі замовілі ў дызайнера Томі Натэра (ў джынсах застаўся толькі Гарысан), а здымаць запрасілі Яна Макмілана, даўняга прыяцеля Ленана і Ёка Она.

Сэсія адбылася спякотным жнівенскім ранкам каля студыі EMI, дзе пісаўся альбом. Паліцыянт перакрыў вуліцу на 10 хвілін, пакуль Макмілан рабіў здымкі сваім гасэльбладам, стоячы на будаўнічай драбіне. З шасці зробленых дубляў на вокладку трапіць пяты – можна разглядзець голыя ногі Пола (ён скінуў абутак з-за гарачыні), нумары прыпаркаванага побач “жука” (LMW 281F – іх скрадуць на наступны дзень пасля рэлізу) і здзіўленага амерыканскага турыста Поўла Коўла, які пакуль ня ведае, што трапляе ў гісторыю (ён апазнае сябе на здымку праз некалькі месяцаў).

Фаны бітлоў пачалі капіяваць здымак практычна адразу і працягваюць рабіць гэта да сёння, выбягаючы на зебру з айфонамі і фотаапаратамі на злосць лонданскім кіроўцам. Эпідэмія распаўзлася па ўсёй планеце: варта прыгадаць культавы здымак 1980 года з Менска, дзе дзеткі пераходзяць зебру каля дзяржаўнага цырка на фоне белаза.

Самаму вядомаму пераходу ў свеце цяпер нічога не пагражае, бо прычыненне яму шкоды караецца паводле закону: у 2010 годзе зебра трапіла ў спіс брытанскіх помнікаў гісторыі і культуры, дзе на яе зачакаліся Ўэстмінстэрскі палац і лонданскі Калізей.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў