Украінскія ўлады пра вайсковыя «КамАЗы» Крамля на Данбасе даведаліся з медыяў


З дзвюма «грунтоўнымі гутаркамі» цягам аднаго дня прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жузэ Мануэл Барозу патэлефанаваў прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку і лідару Расеі Уладзіміру Пуціну. Апошняга Барозу перасцярог «ад любых аднабаковых вайсковых дзеянняў у дачыненні Украіны, у тым ліку пад выглядам гуманітарнай місіі».



{movie}Украінскія ўлады даведаліся з медыяў пра вайсковыя «КамАЗы» Крамля на Данбасе |right|17885{/movie}

Калона з блізу трохсот вайсковых «КамАЗаў», тэрмінова пафарбаваных у белы колер, якую ў Маскве назвалі «гуманітаранаю місіяй» і якая ўжо прыбыла ў Данецк, вельмі ўсхвалявала афіцыйны Брусель. У гутарцы з Пуціным Барозу выказаў занепакоенасць з нагоды гэтай місіі, а таксама з нагоды факту канцэнтрацыі расейскіх войскаў ля мяжы з Украінаю ды няспыннай плыні зброі, абсталявання і баевікоў з тэрыторыі Расеі.

ПЭТЭР СТАНА, ПРЭС-САКРАТАР ЕЎРАКАМІСАРА ШТЭФАНА ФЮЛЕ:

«Мы выказаліся вельмі ясна пра тое, што для нас непрымальна, што Расея можа ажыццявіць вайсковую аперацыю пад нагодаю гуманітарнай дапамогі. А любая гуманітарная дапамога мусіць узгадняцца з украінскімі ўладамі».

Але самі ўкраінскія ўлады, як стала зразумела старшыні Еўракамісіі пасля гутаркі ўжо са сваім украінскім «візаві», мякка кажучы, не ў курсе пра гуманітарныя ініцыятывы сваёй агрэсіўнай суседкі ды даведваюцца пра іх выключна са сродкаў масавай інфармацыі. Барозу паабяцаў Парашэнку «экстраную гуманітарную дапамогу ЕЗ пад эгідаю міжнароднага плану рэагавання ААН» памерам прыкладна € 2 млн, а таксама падкрэсліў, што для Еўропы незалежнасць Украіны заўсёды застаецца краевугольным каменем.

ПЭТЭР СТАНА, ПРЭС-САКРАТАР ЕЎРАКАМІСАРА ШТЭФАНА ФЮЛЕ:

«Мы падтрымліваем Украіну, яе незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, бяспеку і стабільнасць. І мы робім, што можам, каб падтрымаць Украіну, дапамагчы ёй мець мір, стабільнасць і бяспеку. На ўсёй тэрыторыі Украіны».

Не забыў Жузэ Мануэл Барозу ў гутарцы з Парашэнкам падкрэсліць і важнасць працэсу рэформаў, якія працягваюцца ўва Украіне, а таксама чаканага абодвума бакамі пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінаю ды Еўразвязам, якое ўкраінскі парламент мусіць ратыфікаваць не пазней за сёлетні верасень.

А вось Пуціну падчас тэлефоннай «дуэлі» старшыня Еўракамісіі нагадаў яшчэ раз пра тое, што апошнія санкцыі Еўразвязу супраць Расеі звязаныя з незаконнай анексіяй ёю Крыму і дэстабілізацыяй ува Украіне. А таксама падкрэсліў, што кіраўніцтву Еўразвязу шкада, што замест таго, каб зрабіць высновы, Расея адказала байкотам еўрапейскіх харчоў.

Алесь Сіліч, Брусель, belsat.eu

Стужка навінаў