Амерыканцы смуткуюць па Робіне Ўільямзе і ўласным дзяцінстве


Робін Ўільямз – галівудскі актор, чыя дзівакаватая камічная манера зрабіла яго адною з найбуйнейшых зорак тэлебачання ды кінематографу, раптоўна і трагічна пакінуў гэты свет. Робіна Ўільямза знайшлі нежывым у ягоным доме ў паўночнай Каліфорніі. Паліцыя мяркуе, што чалавек, які цягам чатырох дзясяткаў гадоў дарыў мільёнам веру ў сябе і будучыню, скончыў уласнае жыццё самагубствам. Апошнім часам светлы комік з добрымі вачамі праходзіў праграму падтрымання цвярозасці праз праблемы з алкаголем і наркотыкамі.

{movie}Амерыканцы смуткуюць па Робіне Ўільямзе і ўласным дзяцінстве |right|17884{/movie}

Жыхары Лос-Анджэлесу смуткуюць.

«Гэта вельмі сумна, бо я памятаю ягоныя фільмы, якія глядзела ўсё дзяцінства. Ён – частка майго дзяцінства».

«Гэта вялікая страта для камедыйнай супольнасці. Ён быў цудоўным комікам. З першых роляў у «Шчаслівых днях» і «Морку і Мінды» да кар’еры на шырокіх экранах. Ён быў надзвычайны».



«Я вырасла на ягоных фільмах, такіх, як «Лекарнік Эдамз», «Місіс Даўтфайр» і «Капітан Крук», яны ўжо накшталт сямейнай традыцыі. Калі я пачула сённяшнія навіны, я вельмі засмуцілася».

Пра Ўільямза кажуць, што практычна ў кожнай сваёй ролі ён граў нібыта сябе самога. Сёння ўсе аматары кінематографу прыгадваюць найбольш вядомыя фільмы, у якіх актор выканаў галоўную ролю, дзе смяшыў, а таксама вучыў жыць. Гэта і «Таварыства мёртвых паэтаў», і «Куды прыводзяць мары», і «Чалавек года», і «Джэк».

«Ён вывучаў Шэкспіра ў маім класе. Ягоныя сачыненні былі на ўзроўні, на якім пішуць дыпломы. Ён мог пераасэнсаваць матэрыял, зразумець яго па-свойму, у яго быў вельмі востры розум. Ён ніколі не паддаваўся. Хоць для іншых гэта быў просты хлопец, Робін. Усе яго любілі за дабрыню, ветлівасць, альтруізм», – кажа Джым Дан, настаўнік Робіна Ўільямза.

Жонка актора сёння выказвае спадзеў, што ў цэнтры ўсеагульнай увагі застанецца не смерць выбітнага актора, а ўсе моманты радасці, якія ён падарыў гледачам.

Іншыя тэмы: Этна-фэст «Камяніца», які адбудзецца 6 жніўня, запрашае фатографаў, дызайнераў і мастакоў да ўдзелу ў оўпэн-эйры. Гурт «Ілюжан» запісаў міні-альбом «Выявы», яго прэзентацыя пройдзе 16 жніўня ў менскім клубе «ДК». Брытанскі часопіс «NME» надрукаваў чарговую «сотню» самых уплывовых музыкаў, на першае месца трапіў «Radiohead», затое не знайшлося месца для «The Beatles», «The Rolling Stones» ды Майкла Джэксана.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў