Эбола наступае: ад вірусу загінуў першы еўрапеец


Стала вядома пра першую ахвяру ліхаманкі Эбола ў Еўропе. 75-гадовы іспанскі святар Мігель Пахарэс (Miguel Pajares) сканаў ад хваробы, якую падчапіў у Ліберыі. Апошнія 50 гадоў ён быў місіянерам у Афрыцы, даглядаў хворых на смяротную ліхаманку ў каталіцкім шпіталі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі пагрозы эпідэміялагічнай сітуацыі няма.

Колькасць ахвяр успышкі смяротна небяспечнага захворвання ў рэгіёне павялічылася да 1013 чалавек. Толькі ў Гвінеі памерлі 373 чалавекі. Усяго заразіліся 1848 чалавек. Такія дадзеныя прадставіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).

Эфектыўнага лека ад ліхаманкі не існуе, аднак эксперыментальную вакцыну распрацавалі ў ЗША. Белы Дом ужо аддаў загад перадаць Ліберыі ўзоры вакцыны для лячэння захворвання.

Успышка ліхаманкі пачалася зімой у Заходняй Афрыцы. Цяпер эпіцэнтры захворвання, дзе па-ранейшаму фіксуюцца выпадкі заражэння – Гвінея, Сьера-Леонэ, Ліберыя і Нігерыя, дзе абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча.

Эпідэмія прызнаная самай цяжкай у гісторыі.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары