Беларусь – надалей на першых месцах у росце інфляцыі


Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, кошты ў нашай краіне з пачатку года выраслі на 11,1 %. Праўда, у СНД, што да інфляцыі, сёлета лідаруе Украіна, але там фактычна ідзе вайна.

Беларусь – надалей на першых месцах у росце інфляцыі як сярод суседніх краінаў, гэтак і наагул у Еўропе. Стабільная ж Беларусь займае другое месца, з розніцай усяго на палову адсотка. Для існай эканамічнай мадэлі гэта непазбежна, кажуць эксперты.

{movie}Беларусь – надалей на першых месцах у росце інфляцыі (11.08.14) |right|17870{/movie}

ВАДЗІМ ІОСУБ, АНАЛІТЫК «ALPARI»:
“На тых рынках, якія належаць прыватнікам, дзе існуе канкурэнцыя, кошты проста не могуць расці паводле жадання кіраўніцтва або дырэктара. Але там, дзе ў нас існуе дзяржаўная манаполія, там кошты могуць расці практычна без абмежаванняў. І менавіта за кошт гэтага сектару эканомікі нашая інфляцыя выглядае непрыгожа ў параўнанні з іншымі краінамі”.

Такім чынам, інфляцыя з пачатку года ўжо перавысіла гадавы прагноз. Хаця чыноўнікі і папярэджвалі, што паказнік, магчыма, будзе перагледжаны ў горшы бок, называліся лічбы ў межах 16–17 адсоткаў. Праўда, і гэтыя лічбы беларусы лічаць неадпаведнымі ды іх выкананне ўрадам успрымаюць скептычна.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“У гэтым усім вельмі мала эканомікі, таму рабіць прагнозы, зыходзячы з матэматычных формулаў, вельмі складана”.
“Я думаю, што інфляцыя па выніках года складзе адсоткаў 20”.

Зрэшты, меркаванні людзей пра эканамічную палітыку кіраўніцтва краіны падтрымліваюць і эксперты.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:
“Мне падаецца, што ўлады Беларусі, перш за ўсё эканамічныя, настолькі прызвычаіліся да высокага ўзроўню інфляцыі, што ў іншых варунках проста не ўяўляюць існавання эканомікі”.

Вынік інфляцыі – зніжэнне рэальных прыбыткаў беларусаў, а таксама і змяншэнне пакупніцкай здольнасці. У выніку зніжкі, якія час ад часу робяць некаторыя гандлёвыя сеткі, выклікаюць востры ажыятаж. Гэтак, напрыклад, было ў берасцейскім гандлёвым цэнтры “Алмі”, дзе прадаваўся цукар з 50-адсоткаваю зніжкаю. І гэтыя сцэны не здзіўляюць, бо цукар стаўся адным з лідараў падаражэння. Увогуле кошты на харчы сёлета выраслі амаль на 15 адсоткаў. Істотна дадалі ў цане яйкі, цукар, алкаголь, гарбата, каўбаса.
Нехарчовыя тавары падаражэлі амаль на 4 адсоткі. Але найбольш выраслі кошты і тарыфы на платныя паслугі – з пачатку года ажно на шаснаццаць з паловаю адсоткаў.

ВАДЗІМ ІОСУБ, АНАЛІТЫК «ALPARI»:
“Гэта сведчыць пра неэфектыўнасць эканомікі агулам, бо вельмі высокая інфляцыя – гэта агульная хвароба эканомікі, гэта першы паказнік таго, што ў эканоміцы нешта адбываецца не так”.

А вось пагрозаў для нашай эканомікі з боку вонкавых фактараў становіцца ўсё болей. І гэта вынікае перадусім з запавольвання эканамічнага росту і макраэканамічнай нестабільнасці Расеі, што для хаўрусніка Масквы з Мытнага саюзу можа адбіцца вельмі балючымі наступствамі.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў