Лукашэнка не мае намеру адмаўляцца ад імпартных прысмакаў


Беларусь не плануе адмаўляцца ад закупак імпартнага харчавання для ўнутранага рынку, заявіў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.



«Што тычыцца нашага ўнутранага рынку, мы асобна абгаварылі гэтае пытанне. Гэта наша ўнутраная справа. Патрэбныя нам польскія яблыкі – мы купляем, але не для Расеі, а для ўнутранага рынку. Патрэбны нейкія нямецкія далікатэсы – таксама набываем для ўнутранага спажывання», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ў панядзелак з дакладам прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча.

Кіраўнік краіны таксама дадаў, што рэспубліка працягне купляць імпартную сыравіну для харчовай прамысловасці, калі гэта будзе неабходна. «Трэба нам нешта перапрацоўваць – мы купляем і перапрацоўваем», – растлумачыў кіраўнік дзяржавы, словы якога цытуе прэс-служба.

Лукашэнка падкрэсліў, што «ў сувязі з гэтым мы мусім быць сумленныя, і, як абяцалі, вельмі прыстойна праводзіць палітыку ў дачыненні да Расеі».

Раней Расея абмежавала імпарт прадуктаў харчавання з краінаў, якія ўвялі супраць РФ санкцыі праз сітуацыю ва Украіне.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў