«Гіркін уцёк з Данецку і беспрабудна п'е»


Пра масавае дэзерцірства ў шэрагах прарасейскіх баевікоў на Данбасе піша на сваёй старонцы ў «Facebook» дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Заран Шкірак.

Спадар Шкірак спасылаецца на аператыўныя звесткі выведкі Міністэрства ўнутраных справаў, Узброеных Сілаў і Службы бяспекі ды словы палонных тэрарыстаў. «У прыватнасці, масавае дэзерцірства зафіксавана ў расейскіх тэрарыстычных бандах «стралка» (Ігара Гіркіна — belsat.eu), «чачэнца», «боцмана», «мазгавога» і інш. Баевікі ўсведамляюць непазбежнасць расплаты і сваю асуджанасць. Ва Украіне яны будуць знішчаныя сіламі АТА (антытэрарыстычнай аперацыі – belsat.eu), а ў Расею не ўцякуць, паколькі там іх чакае расстрэл загараджальнымі атрадамі расейскіх памежнікаў, гэта прамы загад Пуціна. Акрамя таго, пацверджаны загад Крамля на знішчэнне кіраўнікоў тэрарыстаў. Ёсць аператыўная інфармацыя, што на Данбас, у бліжэйшыя дні выедзе «ліквідацыйная брыгада» ГРУ-ФСБ, каб выканаць выракі», — напісаў Заран Шкірак.

Паводле дарадцы міністра ўнутраных справаў Украіны, радавыя баевікі здаюцца ў палон украінскім вайскоўцам або хаваюцца сярод мірнага насельніцтва. Ён піша, што кіраўнікі тэрарыстаў Барадай і Гіркін збеглі з Данецку, апошні — «беспрабудна п’е, што пацвярджаюць не толькі відавочцы, але і перабежчыкі з ягонай банды».

Паведамленне Зарана Шкірака распаўсюдзілі буйныя ўкраінскія СМІ.

АК, belsat.eu, паводле liga.net, tsn.ua

Стужка навінаў