Як маларослы Пуцін з ціхім голасам стаў чалавекам вайны


Роўна 15 гадоў таму ў вялікую сусветную палітыку ўвайшоў маларослы ды практычна невядомы дагэтуль чалавек з ціхім голасам і непрыкметным прозвішчам. 9 жніўня 1999 года прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын прызначыў выканальнікам абавязкаў кіраўніка расейскага ўраду тагачаснага дырэктара ФСБ Уладзіміра Пуціна.

Неўзабаве ў сваім тэлезвароце Ельцын назваў Пуціна сваім пераемнікам.

{movie}Эпоха чалавека вайны|right|17859{/movie}

Пачаўшы свой кар’ерны рост з выгнання баевікоў з Дагестану, Пуцін працягнуў лінію, якая прынесла яму поспех. І новая вайна з тэрарызмам неадкладна ахапіла літаральна ўсю краіну – ад узарваных у розных гарадах жылых дамоў да другой чачэнскай вайны, “Норд-Осту” і Будзёнаўску.

Чалавек вайны, Пуцін распачаў наступ адразу на некалькіх франтах. Пазней неаднаразова называны адным з самых багатых людзей на планеце, прэзідэнт Расеі зладзіў паказальны працэс над алігархічнаю сістэмаю на прыкладзе ўладальніка кампаніі ЮКОС Міхаіла Хадаркоўскага.

Акрамя вайны з тэрарыстамі ды алігархамі расейскі кіраўнік распачаў вайну і з іншадумствам. Яшчэ ў першы прэзідэнцкі тэрмін Пуціна з Дзярждумы Расеі знікла рэальная апазіцыя, а дагэтуль незалежны тэлеканал “НТВ” цалкам перайшоў пад кантроль уладаў.

Дарэчы, учора Пуцін меў магчымасць адзначыць яшчэ адныя ўгодкі, да якіх меў непасрэднае дачыненне. Роўна шэсць гадоў таму Расея ўварвалася ў Грузію і акупавала частку яе тэрыторыі.

Што ж да заходняга фронту, то ўсе гэтыя гады Пуціна надзейна прыкрывае яшчэ адзін постсавецкі палітычны доўгажыхар.

Зрэшты, і паміж найбліжэйшымі хаўруснікамі не абыходзіцца без войнаў: газавых, харчовых, калійных.

У перапынках жа паміж войнамі Пуцін любіць атрымліваць і меншыя перамогі. То ён абсалютна выпадкова перад тэлекамерамі знаходзіць старажытную амфару, то ачольвае статак стэрхаў, то б’е рыбацкія рэкорды.

Менавіта Пуціну прыпісваюць і аўтарства тандэмакратыі. У 2008 годзе расейскі прэзідэнт часова афіцыйна памяняўся пасадамі з Дзмітрыем Мядзведзевым, пакінуўшы сабе на практыцы ранейшыя паўнамоцтвы. Праз чатыры гады тандэм зрабіў адваротную ракіроўку.

Зрэшты, тое вяртанне Пуціна спадабалася далёка не ўсім. Аднак хвалю шматтысячных пратэстаў цягам некалькіх месяцаў згасілі хваляю рэпрэсіяў.

Вярнуць жа былую папулярнасць сярод суайчыннікаў Пуцін пастанавіў не аднойчы спраўджаным спосабам. Адноўленая халодная вайна з Захадам, акупацыя ўкраінскага Крыму і вайна на Данбасе дазволілі даўно нязменнаму кіраўніку РФ падысці да свайго пятнаццацігадовага юбілею з яшчэ адным дасягненнем. Паводле сацыёлагаў з “Левада-цэнтру”, электаральны рэйтынг Пуціна цяпер знаходзіцца на гістарычным максімуме: дзейнасць свайго прэзідэнта ўхваляюць 87 адсоткаў расейцаў.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары