Тэрарысты з ДНР заявілі пра гатоўнасць спыніць агонь


Сепаратысты з самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» заяўляюць, што гатовыя спыніць агонь, каб не дапусціць разрастання гуманітарнай катастрофы на Данбасе.



Пра гэта гаворыцца ў заяве «прэм’ер-міністра» ДНР Аляксандра Захарчанкі, апублікаваным на сайце прэс-цэнтру ДНР.

Захарчанка, аднак, зазначыў, што сепаратысты не збіраюцца здаваць Данецк украінскім сілавікам, якія акружылі горад.

Прадстаўнік тэрарыстаў нагадаў, што ўкраінскія вайскоўцы не першы раз заяўляюць пра тое, што атачылі Данецк і занялі частку раёнаў гораду. Аднак у рэальнасці, па словах лідара сепаратыстаў, у іх ніколі не атрымлівалася гэтага.



«Падраздзяленні народнага апалчэння знаходзяцца ў поўным парадку і гатовыя абараняць сталіцу рэспублікі. Урад ДНР і цяпер упэўнены ў перамозе», – гаворыцца ў заяве Захарчанкі.

Аднак «прэм’ер» дадаў, што Данецк блізкі да гуманітарнай катастрофы: пры абстрэлах гінуць мірныя жыхары, а ў выпадку штурму гораду колькасць ахвяраў узрасце ў некалькі разоў. Гуманітарных калідораў, па ягонай інфармацыі, на сёння няма – у Данецк не могуць патрапіць грузы медыкаментаў для насельніцтва, прадукты заканчваюцца. Па-ранейшаму ўзнікаюць праблемы з электрычнасцю.

«Але калі агрэсія ўкраінскай арміі працягнецца, наша народнае апалчэнне будзе змагацца пры любых суадносінах сілаў і ў любых умовах», – запэўніў Захарчанка.

Адзін з камандзіраў тэрарыстаў Ігар Стралкоў (Гіркін) заявіў сёння, што «Данецкая-Горлаўская групоўка войскаў Наваросіі цалкам акружаная», падало расейскае агенцтва «РИА Новости».

МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў