Фітнес-Шмітнес: Не беражы жывата свайго… — БЛОГ №5!


Блог Валярыны: экстрым і адрэналін як спосаб страты калорый.

Не толькі фітнес-цэнтры і спартовыя залі ёсць панацэяй для таго, каб скідваць лішнюю вагу і трымаць сябе ў тонусе. Ёсць мора іншых шляхоў страчваць калорыі і трэніць цягліцы. Перадусім – летам. Ёсць лясы, сады, лугі, палі… Ёсць збор ураджаю, напрыклад.

Апошнім часам усё больш эксперыментую па парадзе трэнера – і займаюся такой фізічнай актыўнасцю, якая падабаецца. Бо штодзённая трэнажорка можа крыху занудзіць, асабліва ў цудоўнае жнівеньскае надвор’е – у сонца альбо цёплую залеву, якія хочацца пражываць папоўнай. Асабліва нам, беларусам, у якіх здараецца па паўгода зімы.

Варта памятаць – у часе выпрацоўкі адрэналіну, арганізм затрачвае кучу энергіі, адпаведна спальваецца шмат калорыяў. І часам за 10 хвілін засяроджаных дзеянняў, калі выпрацоўваецца адрэналін, ты худнееш куды мацней, чым за гадзіну няспешных практыкаванняў. А так як я з’яўляюся акурат прыхільніцай экстрыму (здаровага экстрыму) – то не магу абмінуць і гэты прыемны і карысны спосаб трымаць сябе ў форме. Тут важнае падсесці на гэта як на адзіную фізічную актыўнасць, ад якое маеш псіхалагічную залежнасць, прасцей кажучы – не стаць адрэналінавым наркаманам. Усё добра ў рэгулярную меру – нават экстрым. І больш за тое – ён нават карысны, бо трэніць цягліцы сэрца і вытрымку не горай гадзіны бегу на за бегавой дарожцы і эліпсоідзе.

profit600
У наступных выпусках ёсць задумка скочыць з парашуту і паездзіць на матацыкле, а ў сённяшнім відэаблогу – я працягваю засвойваць новыя віды зброі (у мінулых выпусках вы бачылі як упершыню цаляла ды адразу ў 10-ку з Glock17, P99 Walther i Steyr Mannlicher L1A з 24 метраў на стрэльбішчы (у 12-м выпуску ФШ, а таксама з рэканструкцыйнага луку – у часе святкавання гадавіны Аршанскай бітвы (Відэаблог №3). Гэтым разам – арбалет-лук і мішэнька ў садзе над Віслаю…

Відэаблог Валярыны №5 – Экстрым як спосаб страты калорый. Частка 1

А таксама – мая першая спроба кіраваць аўтамабілем і ёга-практыкаванні з сапраўдным неімперскім мядзведзем!

Відэаблог Валярыны №5 – Экстрым як спосаб страты калорый + жывёлы. Частка 2

Харчаванне летам

Лета той час, калі бялок (курыца, тварог і нават рыба) варта замяніць свежымі морапрадуктамі, асабліва калі маеце такую магчымасць, выехаўшы да мора ці рэчкі. І ўвогуле варта скараціць колькасць спажыванага мяса – зрабіце акцэнт на садавіну і гародніну, якой сезон. Файна, што і само надвор’е дыктуе, што лепей ужываць хрумсткае і каляровае, каб і самому заставацца свежым і радасным. Але ўсё ж не забывайцеся, што нават летам не варта наядацца ўвечары садавіны – бо яна будзе ператраўлівацца і ляжаць мёртвым грузам у вашым страўніку ажно да самай раніцы. Таму ўсе правілы, апісаныя ў нашых праграмах раней, дзейнічаюць і для лета. Адзін нюанс: меней няма, больш садавіны!

Дарэчы, не забывайцеся на наш летні таталітазатар! Агучце Вашы версіі на нашых фан-старонках ці наўпрост у каментарах: колькі скінуць за лета мусіла б?!)

pres_

Блог Паўла

Відэаблог Паўла

Вітанкі, вельмі шаноўнае панства!

Па вашых замовах разгледзім пытанне «Як жа мужыку скінуць жывот».

А ніяк! Дакладней, тлушч на жываце ў мужыкоў сыходзіць у апошнюю чаргу, таму трэба рэальна схуднець паўсюль, каб падабраць пуза і фанатычнае пампаванне прэсу вам не дасць нічога (дакладней, цягліцы прэса вы падпампуеце, але не спаліце ні граму тлушчу). але й тут усе ня так брыдка, па першае – пампуйце грудзі і плечы, тады ваш мамон будзе казацца меней, чым ёсць на самой справе (ужо я ведаю, аб чым гавару)), па другое – скарачайце порцыі ежы, каб не расцягваць страўнік і адмаўляйцеся ад піцця піваса літрамі за раз. Таксама не пейце вадкасці пад час ежы – памятаеце, за 15 хвілін да і праз 15 хвілін пасля мінімум!

Ну й не забывайцеся, што няма лепшых практыкаванняў для тлушчапалення, чым базавыя, бо яны вельмі энергазатратныя – адмаўляйцеся ад бессэнсоўнага пампавання біцэпсу і прэсу, працуйце з цяжкай вагой, калі дазваляе здароў’е і будзеце выглядаць моцна.

Да слова, у наступны раз мы таксама разгледзім пытанне па вашых замовах? «Спартовае харчаванне, што выбіраць, якое асноўнае, для чаго яно патрэбна і ці не шкоднае яно для здароў’я»

Мы сувязі з вамі ўсё лета і ў нашых сацыяльных сетках:
https://www.facebook.com/fintesshmitnes
http://vk.com/fitnesshmitnes

Дарэчы, калі ў вас ёсць пытанні да Валярыны ці Паўла – задавайце іх на старонцы Белсату ці ў сацыяльных сетках. Мы адкажам на іх у наступных выданнях. Кайфуйце і пампуйце разам з Фітнес-Шмітнес! Змяняйцеся з Белсатам!

ФШ выказвае вялікую ўдзячнасць у падрыхтоўцы блогу №5 Змітру Барадзе – за транспартнае, фізічнае і маральнае спрыянне!

Глядзі таксама
Каментары