На гэтым тыдні чалавецтва дзякуючы сваім тэхнічным мажлівасцям апынулася на арбіце каметы. Еўрапейская касмічная станцыя «Разэта» («Rosetta») ляцела да сваёй мэты – аб’екта імя Чурумава–Герасіменкі – ажно 10 гадоў і ўжо паспела атрымаць якасныя здымкі нябеснага вандроўніка.
{movie}Касмічная станцыя ляцела да каметы 10 гадоў. Будзе адкрыццё новых хімічных элементаў? |right|17841{/movie}
«Мы атрымліваем шмат звестак і высокай якасці малюнкі з камераў, і мы можам прааналізаваць іх, каб пасля знайсці прыдатнае месца пасадкі для «Філэ» («Philae»), якая адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні ці месяцы», – распавёў кіраўнік Еўрапейскага цэнтру касмічных аперацыяў Томас Райтэр.
Як чакаецца, пасадка на камету апарата «Філэ» («Philae»), які зоймецца даследаваннем навакольнага асяроддзя і глебы, будзе ажыццёўленая сёлета ў лістападзе. Сам жа зонд «Разэта» («Rosetta») застанецца на арбіце на вышыні 20–30 км да снежня 2015 года. За гэты час апарату трэба будзе правесці маніторынг фізіка-хімічных працэсаў, якія адбываюцца на паверхні каметы. Гэтыя звесткі зробяць каштоўны ўнёсак у вывучэнне ранніх этапаў існавання сусвету.
«Мы спадзяёмся, вядома, знайсці арганічныя малекулы на камеце, але, магчыма, таксама малекулы, якія маюць дачыненне да стварэння жыцця на Зямлі. Гэта было б эфектна. Мы чакаем таксама новыя элементы. На цяперашні момант ніхто не мае ўяўленне, да чаго сапраўды падобныя такія каметы, і таму мы вельмі ўсцешаныя з гэтага», – адзначыў Томас Райтэр.
У космас «Разэту» («Rosetta») запусцілі ў сакавіку 2004 года. На шляху да галоўнай мэты, каметы імя Чурумава–Герасіменкі, апарат збліжаўся з іншымі нябеснымі целамі. У 2008 годзе ён перадаў на Зямлю здымкі астэроіда Штэйнс (Šteins), у 2010 годзе зонд зняў астэроід Лютэцыя (Lutetia). Сваю назву апарат атрымаў у гонар знакамітага Разэтаўскага каменя, дзякуючы якому навукоўцы ў XIX стагоддзі змаглі расшыфраваць старажытнаегіпецкія іерогліфы.
КС, belsat.eu