У Пінску «хрушчоўкі» адрэстаўравалі ў стылях псеўдабарока і хай-тэк


У сталіцы Палесся правялі архітэктурны эксперымент, прымеркаваны да абласных «Дажынак».

Як паведамляе «Медыя-Палессе», маштабныя працы па рэканструкцыі галоўнай плошчы Пінску – плошчы Леніна – ужо выйшлі на фінішную прамую. Будаўнікі ў строгай адпаведнасці з заданнем выканалі наказ праекціроўшчыкаў. Фасады «хрушчовак», прылеглых да плошчы, пафарбавалі, на іх з’явіліся дэкаратыўныя барочныя элементы, а гаўбцы аказаліся «зашытымі» ў люстраное шкло.

Паводле задумкі аўтараў праекту, на дахах будынкаў мусілі з’явіцца новыя архітэктурныя элементы, якія б візуальна павялічылі вышыню пяціпавярховікаў. А на абноўленых фасадах належала нанесці малюнкі згубленых старадаўніх гарадскіх пабудоў. Самі пяціпавярховікі былі пабудаваныя ў 1960-ых гадах і да гэтага нічым не адрозніваліся ад тыповых «хрушчовак» у іншых гарадах.

Аднак не ўсе жыхары Пінску задаволеныя змешваннем псеўдабарока і хай-тэк. Адзін з карэнных жыхароў райцэнтру выказаў меркаванне, што люстраное шкло візуальна раздзірае абноўленыя фасады будынкаў, і яны ўжо не выглядаюць цэласнымі.

МЯ, belsat.eu, паводле media-polesye.by, interfax.by

Глядзі таксама
Каментары