Воіны дзяржавы шумераў, старажытнага Рыму і ВКЛ сустрэліся на выставе ў Менску


У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі працуе выстава «Аб доблесцях, аб подзвігах, аб славе…», на якой прадставіў сваю калекцыю жаўнерыкаў, скрыначак і шахмат на вайсковую тэматыку гамяльчук Барыс Купчынаў.



За гады творчасці майстар зрабіў мноства мініяцюрных скульптур воінаў розных эпох, а таксама вайскова-гістарычных дыярамаў (дыярама – выгнутая паўколам жывапісная карціна з пярэднім прадметным планам), у якіх выкарыстоўваў толькі арыгінальныя аўтарскія вырабы. Кожная фігурка выканана ў маштабе 1:30, 1:35, 1:50, максімальна адпавядае гістарычным прататыпам да расфарбвана ўручную. Матэрыялам для вырабу фігурак служыць металапалімер.

На выставе дэманструецца каля 200 мініяцюрных фігурак воінаў дзяржавы шумераў, старажытнага Рыму, старажытнага Егіпту, старажытнай Грэцыі, Скандынавіі, Вялікага Княства Літоўскага, еўрапейскіх жаўнераў XVIII стагоддзя, удзельнікаў Напалеонаўскіх войнаў і Другой сусветнай вайны. Тут таксама мініяцюрныя фігуры гістарычных асобаў: Тадэвуша Касцюшкі, Жанны Д’Арк, Напалеона Банапарта, Міхаіла Кутузава, Фёдара Паскевіча, Чынгісхана і іншых.

Шэраг дыярамаў дэманструюць эпізоды буйных бітваў і ваенных канфліктаў, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі, а таксама жанравыя сцэны з мінулага – паляванне на зубра вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, рыцарскі турнір у сярэднявечным замку, макеты старажытнабеларускага гораду IX—XIII стагоддзяў і найбольш вядомых замкаў і палацава-паркавых ансамбляў Беларусі.



Выстава працягнецца да 21 верасня.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў