На берасцейскім возеры людзі купаліся разам з бутэлькамі (Фотафакт)


Становішча на возеры ў лясным масіве ў берасцейскім мікрараёне Кавалёва нагадвала экалагічную катастрофу: сотні бутэлек і іншае смецце плавала ў вадзе і валялася на беразе.

Не чакаючы пакуль месца адпачынку прыбяруць працаўнікі камунальных службаў, актывісты арганізацыі «Вольны горад» самі навялі парадак на возеры. Да экалагічнай акцыі далучыліся людзі, якія там адпачывалі.

«На возеры адпачываюць сотні жыхароў мікрараёна. На ім гняздуюцца некалькі сем’яў качак і лысух», — кажа адна з арганізатараў акцыі Андрэй Шарэнда. Паводле яго, дворнікі прыбіраюць толькі тыя месцы, што навідавоку, а па-за зонаю іх адказнасці збіраюцца горы смецця.

За гадзіну ўдзельнікі акцыі сабралі 12 вялікіх мяхоў смецця. Яны таксама ўсталявалі на беразе некалькі шыльдаў з тэкстам «Калі ласка! Прыбірайце смецце!»

Алесь Ляўчук, фота Міланы Харытонавай, belsat.eu

Стужка навінаў