У Расеі ў інтэрнэт будуць прапускаць па пашпартах, але пакуль што толькі на поштах


Каб атрымаць доступ да бясплатнага Wi-Fi у Расеі, трэба будзе назваць пашпартныя дадзеныя. Такую пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Пастанова датычыць пунктаў калектыўнага доступу на поштах, дзе можна выйсці ў інтэрнэт, адсканаваць або раздрукаваць дакументы. Гэтыя пункты створаныя ў межах дзяржаўнай праграмы «Электронная Расея». Пра гэта «ИТАР-ТАСС» заявіў кіраўнік дэпартаменту інфармацыйных тэхналогіяў маскоўскай мэрыі Арцём Ермалаеў.

Звесткі пра карыстальнікаў, а таксама пра час, праведзены імі ў інтэрнэце, наведаныя сайты і ўнікальны нумар прылады, з якой выходзілі ў сеціва, аператараў прымусяць захоўваць не менш за паўгода. А як мінімум раз на тры месяцы яны будуць вымушаныя прадстаўляць спісы асобаў, якія карыстаюцца агульным абсталяваннем.

Сёння ў расейскай сталіцы бясплатны інтэрнэт ёсць у большасці кавярняў і рэстаранаў, гандлёва-забаўляльных цэнтраў, у парках і на станцыях метро. З доступам да яго ў гэтых установах нічога не зменіцца. Раней шэраг расейскіх медыяў паведамілі, што патрабаваць пашпартныя дадзеныя будуць у карыстальнікаў усіх пунктаў доступу да бясплатнага Wi-Fi. Дырэктар па сувязях з дзяржаўнымі органамі «Рамблер и Ко» Мацвей Аляксееў сказаў газеце «Известия», што выканаць такое патрабаванне будзе немагчыма: «Не думаю, што ўсе, хто прыйдзе ў парк Горкага, будуць паказваць пашпарты».

Прадстаўнік аднаго з інтэрнэт-правайдэраў, у сваю чаргу, зазначыў у інтэрвю выданню, што тэарэтычна выканаць пастанову можна. Для гэтага трэба распрацаваць адмысловы інтэрфэйс, які будзе прапаноўваць карыстальніку перад падключэннем да Wi-Fi упісаць неабходную інфармацыю.

АК, belsat.eu, паводле bbc.co.uk/russian, izvestia.ru, tvrain.ru

Стужка навінаў