У чаканні кландайку


Кландайк для беларускай эканомікі. Гэтак намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Марыніч назваў забарону Крамля на імпарт харчоў з краінаў, якія ўвялі супраць Расеі санкцыі. На словах экспартаваць на ўсход Менск гатовы шмат і нават яшчэ больш. Ці сапраўды адмова Масквы ад еўрапейскага мяса, рыбы, малака, садавіны ды гародніны азначае пачатак залатых часоў для беларускіх аграрыяў?


{movie}У чаканні кландайку|right|17837{/movie}

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, АДМЫСЛОВЕЦ У АГРАРНЫМ СЕКТАРЫ:
“Калі падыходзіць з пункту гледжання рэальнай сітуацыі, з пункту гледжання рынкавага мыслення, то трэба мець на ўвазе, што ў Беларусі няма магчымасцяў не толькі каб накарміць Маскву, а каб саму сябе пракарміць”.

Тым больш з прычыны сёлетняй засухі разлічваць на добры ўраджай гародніны не выпадае. І хоць Міністэрства сельскай гаспадаркі запэўнівае, што павелічэнне экспарту ў Расею не адаб’ецца на беларускім унутраным рынку, адмыслоўцы асцерагаюцца дэфіцыту і спусташэння прылаўкаў, як гэта было не толькі ў савецкія часы, але і зусім нядаўна – у сумна вядомым 2011 годзе. Што ж на гэты конт думаюць беларусы?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Перадусім жа дзяржава павінная думаць пра абарону нашых інтарэсаў. Мы таксама есці хочам”.
“Беларусь заўжды карміла Расею. Сябе пракорміць, пракорміць і Расею”.
“Я не думаю, што тыя тавары, якія расейцы набывалі за мяжою, Беларусь проста вырабіць”.

І яшчэ пры тым, што сама Беларусь актыўна набывае польскія яблыкі, мяса і гародніну. Эксперты не выключаюць, што ў будучыні ўлады вернуцца да тых гандлёвых схемаў, якія ўжо калісьці практыкавалі: да прыхаванага рээкспарту.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, АДМЫСЛОВЕЦ У АГРАРНЫМ СЕКТАРЫ:
“Пэўны сегмент у нас адкрываецца ў тым, што датычыць свініны. Але мы ведаем, што ў нас свае велізарныя праблемы са свінінаю. Хутчэй за ўсё, гэта ператворыцца ў банальныя закупкі (калі не будзе праблемаў з афрыканскаю чумою) у Польшчы, як гэта было раней”.

Але ці атрымаецца? Не выключана, што забараніць еўрапейскія і амерыканскія тавары Масква запатрабуе і ад Менску, партнёра з Мытнага саюзу.

ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ, БЫЛЫ МІНІСТР СЕЛЬГАСХАРЧУ:
“Пуцін можа, я мяркую, і мусіць звярнуцца да Лукашэнкі, каб дзеяць адзіна, не браць прадукцыі. Бо рынак усходні, мяжа адчынена. У нас жа няма мытні паміж Расеяй ды Беларуссю. Так што гэта цалкам відавочна”.

І сапраўды, сёння расейская забарона харчоў з Захаду стала адным з прадметаў тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Наколькі ж у сувязі з эмбарга вырасце беларускі экспарт у Расею, пакуль невядома. Чакаюць, што акалічнасці павелічэння паставак Менск і Масква абмяркуюць ужо на наступным тыдні.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары