Паралакс: Птушка вылецела


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Калі перад рэпартэрам паўстае дылема – удзельнічаць альбо толькі дакументаваць, кожны прыгадвае гісторыю здымка Кевіна Картэра (Kevin Carter), які забраў у ягонага аўтара жыццё.

Кевін Картэр нарадзіўся ў Ёганэсбурзе (Johannesburg), вывучаў фармацэўтыку, але вучобу кінуў. Яго забралі ў войска, але ён збяжыць і адтуль ды стане клубным дыджэем. У 1983 годзе Картэр будзе сведкам выбуху бомбы ля сядзібы вайскова-паветраных сіл, што быў арганізаваны “Дзідай нацыі” (Umkhonto we Sizwe), якая збройнымі метадамі змагалася з апартэідам. Тады загінула 19 і было паранена 217 асобаў. Пасля гэтага Картэр вырашыць заняцца журналістыкай і стане адным з лепшых паўднёваафрыканскіх фотарэпартэраў.

Каб адпачыць ад здымак штодзённага гвалту на вуліцах роднага горада, Картэр аднойчы адправіцца ў Судан. Там, на поўдні краіны, у вёсцы Аёд (Ayod), ён і заўважыць падальніка, што спадзяваўся паабедаць. Фатограф дастане камеру і будзе дваццаць хвілін чакаць, калі птушка расправіць крылы. Але не дачакаецца. Затое дачакаецца некалькіх соцень лістоў у рэдакцыю газеты «The New York Times», якая першая апублікавала фатаграфію: людзі пыталі ці фатограф прагнаў драпежніка, ці дапамог дзяўчыне. Картэр быў вымушаны тлумачыцца. На прэс-канферэнцыі ён прызнаўся, што грыфа не прагнаў, а дзяўчыну не падняў. Далей яго не слухалі. Фатограф апынуўся пад шквалам крытыкі, не паспеўшы нават патлумачыць, што бацькі дзяўчыны былі ў дваццаці метрах ад яе: яны стаялі ў чарзе па ежу ў гуманітарным цэнтры ААН, які месціўся побач.

У пэўны момант фатограф стаў сусветным антыгероем. Прызнаная за гэты здымак Пуліцэраўская прэмія не выратавала фатографа, а толькі пагоршыла ягоны стан. Цяпер Картэр стаў ахвярай-дзяўчынкай, а свет – драпежнай птушкай. Праз тыдзень пасля ўзнагароды ў вулічнай перастрэлцы загіне ягоны сябра і калега Кен Остэбрэк (Ken Oosterbroek). Гэта звестка поруч з крытыкай ды асабістымі фінансавымі праблемамі ўвагналі Картэра ў дэпрэсію. 27 ліпеня ён напіша развітальны ліст, падлучыць садовы шланг да выхлапной трубы свайго «Нсана» і адправіцца на спатканне з Кенам.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў