Кожную дзясятую кватэру ў Менску набывае расеец


Часцей за ўсё гэта інвестыцыя на будучыню. 30% кватэр, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзянаў РФ, стаяць пустыя.

Штогод грамадзяне Расеі набываюць у Менску больш за тысячу кватэр – гэта амаль 10% ад агульнай колькасці здзелак на другасным рынку нерухомасці беларускай сталіцы (кожны год у Менску прадаецца ад 10 да 13 тыс. кватэр).

Расейцы найбольш актыўныя замежныя пакупнікі жылля ў беларускай сталіцы – 73,6% ад усіх здзелак з замежнымі пакупнікамі. У некаторых новабудоўлях, па неафіцыйных звестках, часамі сустракаецца сітуацыя, калі палова дольшчыкаў – расейцы.

«Часцей за ўсё расейцы набываюць жыллё ў Менску, разглядаючы гэта як магчымасць выгадна ўкласці свае грошы. Ёсць і тыя, хто набывае нерухомасць для пераезду ў Беларусь, альбо як часовае жыллё для кароткіх наездаў у беларускую сталіцу, але іх меншасць», – каментуе сітуацыю для «interfax.by» кіраўнік сталічнага агенцтва нерухомасці «Эксперт» Павел Астапеня.

Практычна ўсе кватэры, якія набываюць грамадзяне Расеі, знаходзяцца ў новабудоўлях, але нярэдка стаяць пустыя. «Па нашых падліках, прыкладна 30% кватэр, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзянаў Расеі, застаюцца ў тым выглядзе, у якім іх здалі будаўнікі», – адзначае эксперт.

У 2017 г. аб’ёмы будаўніцтва жылля ў беларускай сталіцы плануюць скараціць удвая. Галоўнымі будаўнічымі пляцоўкамі рэгіёну стануць гарады сатэліты: Смалявічы, Дзяржынск, Заслаўль, Лагойск, Рудзенск, Фаніпаль.

ЮВ, паводле interfax.by

Стужка навінаў