Беларускія яблыкі ды бульба заменяць еўрапейскія прадукты ў Расеі


Менск заявіў пра гатовасць замяніць Еўропу ў экспарце прадуктаў у Расею.

Беларусь плануе павялічыць пастаўкі ў Расею сыроў, мяса, малака, і замяніць галандскую бульбу ды польскія яблыкі.

Пасля санкцыяў Крамля ў дачыненні еўрапейскіх вытворцаў харчавання, Расея – кландайк для Беларусі, заявіў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч выданню РИА «Новости» . Ён адзначыў, што ў Беларусі ўсё ёсць.

У сераду Уладзімір Пуцін забараніў на працягу года ўвозіць у Расею асобныя віды сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і харчавання з краінаў, якія ўвялі санкцыі ў дачыненні Масквы. Поўная забарона закране экспарт ялавічыны, свініны, мяса птушкі, рыбы, сыроў, малака і гародніны з Аўстраліі, Канады, ЕЗ, ЗША і Нарвегіі.

У Белым доме ўпэўненыя, што помста Крамля павялічыць міжнародную ізаляцыю Расеі і акажа далейшы негатыўны ўплыў на яе эканоміку, паведамляе «The News Observer».

Санкцыйныя меры Еўразвязу ў дачыненні Крамля дзейнічаюць ад 1 жніўня. Яны прадугледжваюць абмежаванне доступу расейскіх банкаў да еўрапейскіх фінансавых рынкаў, забарону на гандаль зброяй, экспартныя абмежаванні на тавары падвойнага выкарыстання, абмежаванне на энергетычным рынку і ў нафтавым сектары.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў