Грамадзянін Расеі здзейсніў масавы падман беларусаў


Да Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менску прыйшло некалькі дзясяткаў асобаў. Усе яны, як цвердзяць самі, ахвяры імавернай махлярскай дзейнасці прыватнай арганізацыі «Спектр-Капітал» пад кіраўніцтвам грамадзяніна Расеі Аляксандра Ганчарова. Пацярпелыя дольнікі вось ужо некалькі месяцаў патрабуюць ад усіх магчымых праваахоўных інстанцыяў разабрацца ў іхнай справе. Але безвынікова.

{movie}Падманутыя людзі|right|17820{/movie}

СЯРГЕЙ ЛУГАЎЦОЎ, ПАЦЯРПЕЛЫ:
«У студзені 2014 года мы напісалі супольную заяву. З таго моманту ніякіх дзеянняў міліцыя практычна не праводзіла. Справа была прызнаная непрыдатнаю да завядзення крымінальнай справы».

Спажывецкі кааператыў «Спектр-Капітал» праіснаваў у Беларусі некалькі гадоў. Арганізацыя дзеяла паводле прынцыпу фінансавай піраміды, актыўна прымаючы грашовыя ўнёскі ад беларусаў. Паводле пацярпелых.

УЛАДЗІМІР САСНІН, ПАЦЯРПЕЛЫ:
«Гэтая махлярская структура прапанавала крыху большыя адсоткі, чымся ў банку. Людзі, якія панеслі ў гэтую структуру грошы, хацелі зарабіць, хто на аперацыю, нехта, як я, напрыклад, на дзіцёнка-інваліда».

ВАСІЛЬ МАЛЬЦАЎ, ПАЦЯРПЕЛЫ:
«Мы збіралі грошы на кватэру. У нас крыху не ставала. Нам сказалі, што праз «Спектр-Капітал» можна пабудаваць жытло. То бок яны пачынаюць будаваць кватэру, а мы пакрысе збіраем грошы, якіх не стае».

Але напрыканцы года Ганчароў заявіў аб банкруцтве і ліквідацыі кааператыву. Дольнікі звярнуліся з просьбаю вярнуць грошы. Аднак расейскі бізнесовец паведаміў пра фінансавыя нястачы ў арганізацыі ды параіў чакаць. Пасля людзям удалося дабіцца сустрэчы з Ганчаровым, падчас якой яны пачулі.

СЯРГЕЙ ЛУГАЎЦОЎ, ПАЦЯРПЕЛЫ:
«Мы размаўлялі з ім цягам дзвюх гадзінаў. Ён сказаў, што ў яго ўсё прыкрытае. Я гэта чуў і магу быць сведкам на судзе. Мы ўдвох чулі, як ён сказаў, што яго прыкрываюць. У інтэрнэце ён напісаў, што мы нічога не атрымаем».

Якім чынам такое магло здарыцца ў Беларусі? Як паведамілі ў Нацыянальным банку, вылучэнне і атрыманне пазыкаў не з’яўляецца ў вузкім сэнсе банкаўскаю дзейнасцю. А таму Ганчароў не мусіў мець адмысловай ліцэнзіі для працы сваёй фірмы. Што да іншага заканадаўства, паводле адмыслоўцаў, яно пакуль не ў стане эфектыўна кантраляваць дзейнасць гэткіх спажывецкіх кааператываў ды іх фінансавых пірамідаў. Але ці ўсіх? Пацярпелыя сумняюцца.

ТАМАРА ГУЛЕЗАВА, ПАЦЯРПЕЛАЯ:
«Я мяркую, што гэты чалавек звязаны з уладамі. Тут дзейнічае карупцыя».

УЛАДЗІМІР САСНІН, ПАЦЯРПЕЛЫ
«Навошта вы панеслі туды грошы? Гэтае пытанне я чую ўсюды. Я панёс іх туды таму, што давяраў дзяржаве, якая выдала такой фірме рэгістрацыю».

Пакуль людзі перадалі чарговыя заявы з просьбаю прызнаць іх пацярпелымі. У Галоўным упраўленні ўнутраных справаў Менску паабяцалі перадаць іх дакументы ў Следчы камітэт, куды, дарэчы, ахвяры «Спектр-Капіталу» ўжо звярталіся некалькі месяцаў таму.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў