Сын Лукашэнкі падарыў 25 гектараў лесу арабам


Зямля пад Менскам у падарунак. Дзяржава Катар актыўна асвойвае 25 га лесу вакол Дуброўскага вадасховішча, на мяжы Менскага і Смалявіцкага раёнаў. Элітны надзел афіцыйна дастаўся арабам бясплатна, адпаведны ўказ пад грыфам «для службовага карыстання» бацька Віктара Лукашэнкі падпісаў яшчэ 2 гады таму.

{movie}Царскі падарунак |right|17818{/movie}

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ
«Усё гэта – закрытыя схемы, яны па-за межамі парламенцкага кантролю, і ўсё гэта толькі сведчыць пра адно: што ў нас гнілая сістэма, што Лукашэнка стварыў сістэму абсалютна бескантрольную».

Паводле кадастравай ацэнкі, 24 га зямлі каля Дуброўскага вадасховішча каштуюць амаль $ 1 млн, кажа намеснік рэдактара «Нашай нівы» Ягор Марціновіч, які вывучае акалічнасці вылучэння катарцам зямлі. Чаму ж ва ўладаў Беларусі прачнулася гэткая шчодрасць?

ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:
«Што Беларусь як дзяржава або кіраўнікі Беларусі як прыватныя асобы атрымалі наўзамен, можна толькі здагадвацца, але супраца ўладаў з Катарам даволі шчыльная, і звычайна куратарам гэтых праектаў «Беларусь – Катар» быў асабіста сын кіраўніка дзяржавы Віктар Лукашэнка».

Сярод праектаў – будаўніцтва спарткомплексу і пяцізоркавага гатэлю ў Менску. Узаемныя ж візіты адзін да аднаго кіраўнікоў Катару і Беларусі здараліся як на афіцыйным, гэтак і на неафіцыйным узроўнях.

Самая ж будоўля, якая распачалася месяц таму на падоранай катарцам зямлі, таксама ахінутая таямніцаю.

Але, хоць тут і няма пашпарту аб’екту, з таго ж указу Лукашэнкі вядомае, што будуецца рэзідэнцыя і паляўнічыя вальеры. Тыя ж, хто тут працуе, ніякай інфармацыі не даюць.

БУДАЎНІК:
«Няхай нас папярэдзіць нашае начальства, што прыедзе здымаць тэлебачанне. А мы не хочам, каб сёння здымалі».

Днямі ж Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ, які таксама датычыць зямлі ў прыгарадах Менску. Дачнікам тут забароняць ствараць новыя садовыя таварыствы, не можна будзе і прадаць лецішча, пакуль не міне 5 гадоў з моманту яго пакупкі. Атрымоўваецца, што правы сваіх абмяжоўваюць, чужынцам жа дораць зямлю.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
«Гэта першы крок да таго, каб зямля абапал Менску, абапал абласных гарадоў стала фактычна ўласнасцю беларускага чынавенства на чале з Лукашэнкам».

І гэты працэс ідзе. Гісторыя з катарскім падарункам – нават ужо не першы званочак для грамадства і не першы прыклад, калі кіраўнік Беларусі распараджаецца дзяржаўнаю маёмасцю як асабістаю.

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў