Уладзімір Пуцін забараніў увоз у Расею прадуктаў з Еўразвязу, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі


Прэзідэнт Расеі загадаў ураду распрацаваць спіс сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання з краін, якія ўвялі санкцыі супраць РФ. Забарона будзе дзейнічаць 12 месяцаў, паведамляецца на сайце кіраўніка РФ.

Прэзідэнт РФ даручыў ураду распрацаваць захады, якія дазволяць не дапусціць росту цэнаў на забароненыя тавары.
Санкцыі супраць Расеі ўвялі ЗША, Канада, краіны Еўразвязу, Японія і Аўстралія.

«Расея цалкам забяспечвае сябе збожжам, але далёка не забяспечвае сябе малаком і малочкай, мясам, садавінай, гароднінай і нават бульбай. Спыненне імпарту з Захаду выкліча рост цэнаў на расійскім рынку. Гэта будуць залатыя часы для сельскай гаспадаркі Беларусі, Кітая, Турцыі, якія стануць асноўнымі пастаўшчыкамі мяса, малака і бульбы на расейскі рынак», – піша «Наша Ніва»

На думку беларускага эканаміста Леаніда Злотнікава, Пуцін хутчэй за ўсё будзе забараняць імпарт з асабліва непрыемных краін, кшталту Польшчы. А беларускія вытворцы нават калі не павялічаць аб’ём паставак, то змогуць узняць цэны на сваю прадукцыю, – адзначыў эксперт у каментары «Еўрарадыё».

Як адрэгуе на такое рашэнне Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА)? Указ Пуціна парушае правіла свабоднага гандлю, запісанае ў статут СГА. «Паколькі забарона мае часовы характар гэта наўрацці стане нагодай дзеля выключэння Расеі з СГА», – напісаў у сваім «Facebook» эканаміст Сяргеяй Чалы.

У сваю чаргу Вашынгтон увёў жорсткія санкцыі супраць энергетычнага сектара Расіі. Новыя абмежаванні, апублікаваныя сёння ў Федэральным рэгістры ЗША, датычаць забароны на пастаўку абсталявання неабходнага дзеля глыбіннай здабычы сланцавых запасаў нафты і газу. Да Злучаных Штатаў далучылася і Канада. Паўночная суседка ЗША пашырыла спіс расейскіх банкаў і грамадзян РФ, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі гэтай краіны.

Чытай таксама: Расея можа забараніць еўрапейскім авіялініям транссібірскія пералёты

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары