Самы прыгожы гаўбец Беларусі знаходзіцца ў Берасці (фота)


Сваімі куткамі адпачынку з садам і агародам – у рамках фотаконкурсу «Лета на гаўбцы» – падзяліліся 20 удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі – з Менску, Берасця, Віцебску, Баранавічаў, Валожыну, Слоніму і Гомлю.

Прыз за найлепшы гаўбец з’ехаў у Берасце да спадарства Алены і Аляксандра Сяднёвых.

Журы практычна адзінагалосна абрала пераможцу. «Мяне адразу падкупіла тое, што гаўбец вельмі разнастайны. Тут ёсць і кветкі, і невялікі агарод, і самае галоўнае – месца для адпачынку. Ёсць у іх і прыемны момант інавацыяў: яны спрабуюць нязбітыя, але пры гэтым простыя і недарагія развязанні», – падзялілася сваім меркаваннем чалец журы Вольга Шчаглінская.

«Ужо некалькі гадоў на сваім гаўбцы мы вырошчваем прыправы – перац, чабор, эстрагон, размарын, пятрушку, кроп, салата, базілік, лаванда. Знайшлі сваё мястэчка на гаўбцы і выгадаваныя з костачак дрэўцы лімона і авакада, а таксама арыгінальная «цыбулевая хатка», – падзяліліся пераможцы.

Ад арганізатараў конкурсу спадарства Алены і Аляксандра Сяднёвых атрымалі каштоўны для любога агародніка прыз – «набор садоўніка».

Чытачы «Беларускага Зялёнага Парталу» таксама абралі свайго фаварыта з дапамогай он-лайн галасавання. Пераможцам у намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатыяў»» стала Зоя Осіпава з Гомлю з прасторным гаўбцом ў кветках. Удзельніца ўпэўненая, што, нават упрыгожыўшы адзін гаўбец ці акно, любая несамавітая шматпавярхоўка стане больш прывабнай і цікавейшай.

Пераможніца ў глядацкай намінацыі таксама атрымала садовы прыз ад арганізатараў.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары