Вірус Эбола дабраўся да Еўропы


75-гадовага святара, які заразіўся ліхаманкай у Ліберыі сёння прывязуць у Мадрыд.

Мігель Пахарэс будзе дастаўлены на радзіму спецыяльным вайсковым самалётам з медыцынскім абсталяваннем. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі Святога Іосіфа ў сталіцы Ліберыі – горадзе Манровія.

Сёння Сусветная арганізацыя аховы здароў’я (САЗ) праводзіць у Жэневе экстраннае паседжанне па пытаннях барацьбы з вірусам, ахвярамі якога ўжо сталі 887 асобаў. Большасць памерлых – жыхары бедных афрыканскіх краінаў: Ліберыя, Гвінея, Сьера-Леонэ.

«У нас няма плана дзеянняў, калі эпідэмія дасягне Дакара, Лондана ці Парыжа. Мы не маем глабальнага стратэгічнага плана», — падкрэсліла ў размове з польскім выданнем «Wiadomosci.gazeta.pl» эксперт САЗ Лаурі Гарэт.

Польскі медык які спецыялізуецца на трапічных захворваннях Вацлаў Нахорскі лічыць, што Еўропе гэты вірус не пагражае. «Хвароба не пераносіцца паветраным шляхам, напрыклад, як грып. Заражэнне магчымае толькі ў выпадку кантакту з вадкасцямі разносчыка інфекцыі такімі як кал, кроў, сліна, сперма», – патлумачыў Нахорскі.

Пры гэтым небяспечна кранаць цела памерлага чалавека. Сімптомы захворвання: ліхаманка, унутраны і вонкавы крывацёк, а ў апошняй стадыі захворвання — ваніты і панос. Эпідэмія Эбола пашыраецца ў Афрыцы з-за нізкага ўзроўню адукацыі. Жыхары Ліберыі, Гвінеі і Сьера-Леонэ не пагаджаюцца на тое, каб хворых забіралі з іх дамоў, каб не заражаць іншых. «Яны не хочуць адмаўляцца ад традыцый пахаванняў (мыццё цела памерлага), – гаворыць эксперт САЗ Лаурі Гарэт.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары