Гандлёвая вайна паміж Беларуссю і Украінаю можа скончыцца


Украіна гатовая зняць санкцыі супраць беларускіх тавараў. Пры ўмове, калі беларускі бок цалкам разблакуе пастаўкі ўкраінскай прадукцыі на свой рынак.



Пра гэта заявіў урадавы ўпаўнаважаны ў пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Валерый Пятніцкі. Паводле яго, былі праведзеныя адпаведныя кансультацыі ў Менску. «Было прызнана, што фактычна парушанае пагадненне па свабодным гандлі. Хоць Беларусь не з’яўляецца членам СГА, аднак Расея, уступаючы ў гэтую арганізацыю, абавязалася, што краіны Мытнага звязу будуць выконваць гэтыя правілы», – прыводзіць словы Пятніцкага «УНІАН».

«Беларускі бок ужо зрабіла шэраг крокаў па выпраўленні сітуацыі. Мы, са свайго боку, правялі кансультацыю з нашымі вытворцамі і вырашылі, што можам пайсці насустрач беларускаму боку, прыняўшы рашэнне аб прыпыненні санкцый у дачыненні да беларускіх тавараў. Гэтая прыпыненне будзе дзейнічаць у выпадку, калі беларускі бок адменіць ліцэнзаванне», – сказаў ўрадавы упаўнаважаны.

Украіна ўвяла адмысловыя мыты на малочныя прадукты, прысмакі і піва з Беларусі 26 ліпеня ў адказ на дзеянні беларускіх уладаў у адносінах да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчавання.

Ліцэнзаванне імпарту піва ды кандытарскіх вырабаў з-за межаў Мытнага звязу Беларусь увяла 1 траўня. Украінскія вытворцы назвалі гэта дыскрымінацыяй, таму што ад іх запатрабавалі павысіць раздробную цану больш, чым у 2 разы. Гэта зрабіла ўкраінскія тавары неканкурэнтаздольнымі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў