Беларускія дзеці... са зброяй у руках!


Замест летніх вакацыяў – зброя ў руках. Гэтак бавяць час дзеці ды моладзь у ваенна-патрыятычным лагеры “Крым Січ”, які пачаў сваю працу ў Бахчысарайскім раёне крымскай паўвыспы. Яго арганізатарамі выступаюць мясцовыя прадстаўнікі прарасейскага казацтва. Стала вядома, што ў летніку бяруць удзел і дзеці з Беларусі.

{movie}Беларускія дзеці ў вайсковым лагеры|right|17801{/movie}

СЯРГЕЙ ЮРЧАНКА, АРГАНІЗАТАР «КРЫМ-СІЧ»:
“Гэта лагер, дзе дзеткі з Расеі, Беларусі ды Украіны праводзяць летнія зборы і, дзякуючы таму, што Крым вярнуўся на сваю гістарычную радзіму, упершыню лагер крыху павялічыўся”.

Колькі дакладна беларускіх дзяцей і падлеткаў прыехала на летнік, не паведамляюць. Таксама афіцыйная інфармацыя наконт таго, як запісацца ў “Крым-Січ” – адсутнічае. Скантактавацца з яго арганізатарамі пасля шматлікх спробаў не атрымліваецца. Якім чынам туды магла трапіць беларуская моладзь?

ІГАР ЛЯЛЬКОЎ, ПАРТЫЯ БНФ:
“У Беларусі ёсць як мінімум дзве агульнарэспубліканскія казацкія арганізацыі, якія, дарэчы, міжсобку варагуюць, але тым не менш яны пазіцыянуюць сябе, як казакі. Ёсць таксама некалькі вайскова-спартовых клубаў. Гэта насамрэч такая частка расейскага свету ў Беларусі, яны гэтага не хаваюць”.

Паветраны дэсант, марская пяхота, памежнікі – навыкі, неабходныя ў гэтых войсках, падлеткі набываюць пад вокам былых вайскоўцаў. Над усім гэтым – блаславенне праваслаўных іерархаў і дапамога прадстаўнікоў кансерватыўнай Усерасейскай палітычнай партыі “Родина”.

КАНСТАНЦІН КНЫРЫК, ПАРТЫЯ «РОДИНА»:
“Для нас вельмі важнае вайскова-патрыятычнае рыхтаванне моладзі і дзяцей. Мы ўдзячныя казакам, што яны штогод прыкладаюць намаганні, каб лагер адбыўся”.

Насамрэч, яшчэ да расейскага анексавання Крыму летнікам “Крым-СІч” не аднойчы цікавілася служба бяспекі Украіны. Сам яго арганізатар лідар крымскіх казакоў Сяргей Юрчанка, паводле СБУ, мог быць датычны да тэрарыстычнай дзейнасці, сярод іншага, да арганізацыі закалотаў у Данецкай і Луганскай абласцях. Адметна, што пра магчымы ўдзел у патрыятычным лагеры беларускіх дзяцей праваахоўныя органы нашай краіны маўчаць. У Міністэрстве ўнутраных справаў пра такое не ведаюць. У КДБ…

АРТУР СТРЭХ, ПРЭС-СЛУЖБА КДБ:
“Я лічу, што гэтая справа не ляжыць у кампетэнцыі КДБ. Таму каментаваць гэтага я не буду”.

Аднак, на думку адмыслоўцаў, удзел у такіх летніках забаронены беларускім заканадаўствам, а іх удзельнікі могуць у будучыні стварыць пагрозу нават для суверэнітэту Беларусі.

ІГАР ЛЯЛЬКОЎ, ПАРТЫЯ БНФ
“Відавочна, рыхтуюць людзей, якія ў Беларусі могуць выконваць такія самыя функцыі, якія выконвалі гэтак званыя казакі ў Крыме. Пытанне да беларускіх арганізатараў гэтай паездкі, на чыім яны баку”.

А нядаўна гэткі летнік адбыўся ў самой Беларусі непадалёк Менску. Адмысловыя інструктарска-метадычныя зборы зарганізаваў дзейны ў Беларусі вайскова-патрыятычны цэнтр “Казачий Спас”. Паўсотні іх удзельнікаў атрымалі шырокія веды, каб весці вайскова-патрыятычную працу з беларускаю моладдзю цягам цэлага года.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў