Беларусам забаранілі хадзіць у лес


Часовая забарона на наведванне лясоў уведзена на ўсёй тэрыторыі краіны ў сувязі з высокім класам пажарнай небяспекі.

Паводле Міністэрства лясной гаспадаркі, з пачатку пажаранебяспечнага сезону ў лясах зафіксавана 350 выпадкаў пажараў, найбольш з іх – на Гомельшчыне і Меншчыне (адпаведна 109 і 91).

5 жніўня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб захадах па арганізацыі пажарнай бяспекі ляснога фонду. Як адзначалася на нарадзе, на большай частцы краіны ўстанавіўся чацвёрты клас пажарнай небяспекі, спецыялісты прагназуюць дасягненне і пятага класа. У рэжым павышанай гатовасці прыведзены ўсе сілы і сродкі адпаведных падраздзяленняў МНС, МУС і Узброеных сілаў. Разам з тым, статыстыка пажараў паказвае, што эфектыўнасць папераджальных і прафілактычных захадаў ніжэйшая чым патрабуецца.

Лукашэнка запатрабаваў «грунтоўнай працы на месцах» па ўмацаванні супрацьпажарнай абароны як аб’ектаў уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю, так і лясоў, тарфянікаў. «Неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзяржаўная сістэма папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый змагла эфектыўна супрацьстаяць усім негатыўным фактарам як тэхнагеннага, так і прыроднага характару», — заявіў ён.

«Самая галоўная прычына пажараў, гэтых бед і няшчасцяў — гэта людзі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён распарадзіўся прыняць максімум мер па недапушчэнні знаходжання людзей у лясах. «Нічога, пацерпім 7—10 дзён, абыдземся без лясоў. А калі туды прыйшлі, то ні ў якім выпадку не з запалкамі, запальніцамі, цыгарэтамі. Патрэбнs кантроль і яшчэ раз кантроль», — падкрэсліў Лукашэнка.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў