Расея можа забараніць еўрапейскім авіялініям транссібірскія пералёты


Масква рыхтуе адказ на санкцыі супраць расейскага лоўкостэра «Дабралёт».

Пра гэта расейскаму выданню «Vedomosti.ru» ананімна распавёў адзін з удзельнікаў перамоў па ўвядзенню забароны на авіятранзіт праз расейскую тэрыторыю. Паводле ананімнай крыніцы гэта пытанне зараз абмяркоўваецца на ўзроўні Міністэрства транспарту і МЗС РФ. Ва ўрадзе Расеі не пацвердзілі факт абмеркавання ўвядзення забароны транзіту, піша расейскае выданне.

Еўрапейскія авіякампаніі для палётаў у Азію выкарыстоўваюць самы кароткі маршрут – транссібірскі і плацяць за гэта грошы расейскай авіякампаніі «Аэрофлот».

Найбуйнейшыя плацельшчыкі – «Lufthansa», «British Airways», «Air France» ведаюць пра магчымыя страты ў выпадку блакавання транссібірскага карыдору. Гэта каля 4 млрд еўра ў год, сцвярджае ананімная крыніца, блізкая да контрагентаў буйных еўрапейскіх авіякампаній.

Ніводзін з вышэйзгаданых еўрапейскіх авіяперавожчыкаў не пацвердзіў гэтую інфармацыю.

У нядзелю «Дабралёт» аб’явіў аб прыпыненні працы з 4 жніўня ў сувязі з увядзеннем санкцый Еўрасаюза.

Еўрапейскія партнёры «Дабралёту» анулявалі дзеянне кантрактаў па страхаванню паветраных судоў, тэхнічнаму абслугоўванню, лізінгу, а таксама дамовы па прадастаўленню аэранавігацыйнай інфармацыі. Расейская кампанія планавала адкрыць рэйсы з Масквы ў анексаваны Расеяй Крым.

Чытай таксама: Расея можа панесці страты амаль на € 100 млрд: Еўропа пашырае санкцыі

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў