Першыя наступствы санкцыяў


Дзеянні Пуціна – гэта не толькі эскалацыя напружанасці ва ўсім свеце. Гэта небяспека і для самой Расеі. Такім чынам прэзідэнт ЗША Барак Оўбама ахарактарызаваў у інтэрв’ю часопісу “The Economist” дзеянні кіраўніцтва Крамля вакол Украіны.

{movie}Першыя наступствы санкцыяў (04.08.14) |right|17786{/movie}

БАРАК ОЎБАМА, ПРЭЗІДЭНТ ЗША:
“Я думаю, што Расею можна разглядаць у якасці двухаблічнага Януса – яна глядзіць і на Усход, і на Захад. І я думаю, што дзеянні Пуціна могуць быць згубнымі ў доўгатэрміновай перспектыве, хаця ў кароткатэрміновай ён можа стаць папулярным палітыкам у краіне і тым, хто стварае нязручнасці за яе межамі”.

У Вашынгтоне надалей перакананыя, што Масква паглыбляе крызіс ва Украіне праз падтрыманне сепаратыстаў. А генсакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што Паўночна-Атлантычны альянс мае доказы таго, што менавіта прарасейскія баявікі збілі малайзійскі “Боінг-777” пад Данецкам. У адказ ужо на гэтым тыдні пачнуць дзеяць санкцыі ЗША супраць расейскай нафтавай галіны.

Абмежаванні, што ўводзяць ЗША, падобныя да санкцыяў з боку Еўразвязу. Размова ідзе пра неабходнае Расеі абсталяванне для нетрадыцыйнага здабывання нафты. Зрэшты, сёння раніцаю на расейскім рынку з’явілася і першая ахвяра апошняй хвалі санкцыяў Еўразвязу. Адзіны расейскі лоўкостар “Дабралёт” абвесціў аб прыпыненні працы. І хоць інфармацыя пра спыненне продажу квіткоў была агучаная яшчэ напярэдадні, некаторыя даведаліся пра гэта толькі ў аэрапорце. З расейскай кампаніяй, якая ажыццяўляе палёты ў анексаваны Крым, еўрапейскія авіякампаніі проста адмовіліся працаваць.

МАКСІМ ФЯЦІСАЎ, ПРАДСТАЎНІК АВІЯКАМПАНІІ:
“Нашай авіякампаніі было паведамлена, што заходнія партнёры адмаўляюцца выконваць дамовы лізінгу паветраных апаратаў, прадстаўляць страхоўкі на лятальныя апараты, даваць аэранавігацыйную інфармацыю і тэхнічнае абслугоўванне паветраных апаратаў”.

Да ўвядзення санкцыяў гатовая і Украіна. Афіцыйны Кіеў мае намер забараніць уезд у краіну 500 расейскім дзеячам культуры, якія падтрымалі палітыку Пуціна ў дачыненні Украіны. Зрэшты, падставаю для такога кроку зрабілася і бойка, што ўзнікла перад канцэртам украінскай спявачкі Ані Лорак у Адэсе. Прадстаўнікі праварадыкальных груповак пікетавалі канцэрт, абвінавачваючы спявачку ў лаяльнасці да расейскай публікі.

АНТОН ГЕРАШЧАНКА, ДАРАДЦА МІНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ УКРАІНЫ:
“Дзеячы навукі, культуры і мастацтва, якія падпісалі заяву яшчэ 11 сакавіка аб падтрыманні дзеянняў Пуціна з анексіяй Крыму, і на сёння мы вызначаемся з тым, ці будуць санкцыі ўведзеныя да ўсіх падпісантаў, ці выбарачна ў дачыненні найбольш адыёзных асобаў”.

Афіцыйны Кіеў мае намер не толькі заблакаваць магчымасць зарабляць грошы расейскім артыстам на канцэртах і выступах, але рыхтуе санкцыі і супраць кампаніяў з расейскім капіталам. Абмежаванні будуць уведзеныя ў фінансавым сектары, для паставак нафтагазавага абсталявання і вайсковай супрацы.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў