На Мядзельшчыне воінам-сібіракам усталявалі памятны знак са 120-гадовага дуба


Знак усталявалі на месцы пахавання воінаў расейскага імператарскага войска.

Старшыня Занарацкага сельвыканкаму Уладзімір Зелянкевіч расказаў, што на невялічкім кавалку зямлі на мясцовых могілках ў Чарэмшыцах пахаваныя каля 900 салдатаў. «Магчыма, капалі вялікую яму, клалі шэрагамі. Не ведаю, колькі шэрагаў – мо, дзевяць атрымалася. Перакрывалі шынялямі. Зразумела, што імён ніякіх не захавалася».

Памаліўся за воінаў протаіерэй кіраўнік місіянерскага аддзелу Іркуцкай епархіі Вячаслаў Пушкароў.

Пахаванне ў Чарэмшыцах выбралі невыпадкова, патлумачыў журналісту «Рэгіянальнай газеты» кіраўнік Бальшарэчанскага муніцыпальнага ўтварэння Іркуцкага раёну Юрый Вітэр, які прыехаў на адкрыццё памятнага знаку. Падчас Нарачанскай аперацыі ў гэтым раёне 3-і сібірскі корпус панёс велізарныя страты. Каля 10 тысяч чалавек не вярнуліся з бою.

«У нашым фондзе «Полк, які вярнуўся» і клубе «Губерня» адразу з’явілася ідэя стварыць кнігу, прысвечаную Першай сусветнай вайне, – прыгадаў ён. – Разам паставілі мэту знайсці месца, дзе загінула шмат нашых землякоў. Знайшлі. Але прыехаць проста паглядзець – гэта нецікава. Вырашылі ўсталяваць памятны знак, каб у будучыні тут з’явіўся помнік. Сёння пабывалі на гэтай зямлі і яшчэ раз пераканаліся: тут просіцца ўсталяваць добры прыгожы помнік», – адзначыў Юры Вітэр.

Аўтар памятнага знаку (зроблены са 120-гадовага дуба) – занарацкі майстар Фёдар Акішаў.

ЮВ, паводле «Рэгіянальная газета»

Глядзі таксама
Каментары