Хутка школа, рыхтуйце гаманцы!


Тысячы беларускіх сем’яў пачынаюць рыхтаваць дзяцей да школы. Журналісты “Белсату” спраўдзілі, колькі прыйдзецца выдаткаваць бацькам, каб выправіць дзіця ў школу.

{movie} Нятанная навука|right|17757{/movie}

Сесці за парты 1 верасня рыхтуюцца 164 тысячы беларускіх вучняў. Цяпер самы час для іх ды іхных бацькоў паклапаціцца пра школьны рыштунак. А дзе попыт, там і прапанова: па ўсёй краіне адчыняюцца школьныя кірмашы. Не стаў выключэннем і Магілёў.

ЛІДЗІЯ ПАНЦЯЛЕЕВА, ПРАДАВАЧКА:
“Мы ўсе сёння гатовыя да бою! У мяне асартымент школьны для сярэдніх класаў. Для дзяўчатак і пінжакі, і сукенкі школьныя, блузачкі ды сарафанчыкі, камізэлькі, спадніцаў вялікі выбар”.

Для бюджэту большасці беларускіх сем’яў рыхтаванне да школы – адчувальны выдатак. І кошты растуць. Гэтак, у параўнанні з мінулым годам поўнае экіпаванне для школьнікаў у сярэднім пацяжэла на 300 тысяч рублёў.

ГАНДЛЯРЫ:
“У межах 500–550 тысячаў можна набыць добры прыстойны гарнітур з натуральных тканінаў”.
“Партфельчыкі па розных коштах, у залежнасці ад якасці ды вытворцы. Пачынаючы ад 200 тысячаў і сканчаючы мільёнам, практычна”.

Адзенне плюс абутак і заплечнік са сшыткамі ды асадкамі. Колькі ж грошай гатовыя не пашкадаваць магілёўцы, каб сабраць дзіця ў школу?

ПАКУПНІКІ:
“Гэта мінімум тры мільёны, мінімум!”
“На сённяшні дзень (першы дзень, адкрыццё сёння) – два мільёны. Заўтра – яшчэ два. Мільёнаў 10, можа 8 пойдзе на ўсё, бо ўсё такое дарагое…”

І хоць гандляроў на Магілёўскім школьным кірмашы пазбавілі ад арэнднай платы, на кошты ўплываюць і новыя правілы, паводле якіх кожны прадпрымальнік мусіць мець на свой новы тавар сертыфікат.

ІНЭСА ТАЙПЕВІЧ, ПРАДАВАЧКА:
“Тавар у нас сертыфікаваны, у адпаведнасці з Мытным саюзам мы працуем, дакументы ўсе ў парадку”.

Але кошты – угару. Тым не менш, адмовіцца ад школьнай формы, якая значна павялічыла школьныя выдаткі, немагчыма.

ПАКУПНІКІ:
“Усе прыгожыя, аднолькавыя, а так будуць рознакаляровыя”.
“Каб дысцыпліна, каб дзеці адно аднаму не зайздросцілі”.

На набыцці ж школьных аксесуараў да новага навучальнага года выдаткі бацькоў не заканчваюцца. Ужо ў верасні трэба будзе заплаціць за падручнікі, а цягам усяго года традыцыйна здаваць грошы на рамонт. Пры тым, што афіцыйна школьная адукацыя бясплатная, навука атрымліваецца не такая ўжо і танная.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў